10 студзеня прэс-служба Святога Пасаду прадставіла афіцыйную каманду Ватыкана па лёгкай атлетыцы. Першыя спаборніцтвы для Athletica Vaticana пройдуць ужо праз некалькі дзён.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, паводле дамовы з Алімпійскім камітэтам Італіі каманда стала часткай італьянскай лёгкаатлетычнай федэрацыі. Гэта дае доступ да ўдзелу ў афіцыйных спаборніцтвах, медыцынскага і трэнерскага рэсурсаў. У бліжэйшых планах у лёгкаатлетаў удзел у Гульнях малых дзяржаў Еўропы і ў Міжземнаморскіх гульнях.
У каманду ўваходзяць каля 60 чалавек, сярод якіх святары, гвардзейцы, адміністрацыйныя работнікі, у тым ліку 62-гадовы супрацоўнік Апостальскай бібліятэкі. На прэзентацыі яны прысутнічалі ў цёмна-сініх спартовых касцюмах з гербом Святога Пасаду.
Каманда створана ў рэчышчы агульнай палітыкі Святога Пасаду па развіцці спорту як спосабу дыялогу і шляху да дасягнення міру і салідарнасці. Галоўным яе прыярытэтам будзе ўдзел у спаборніцтвах, якія маюць культурнае і сімвалічнае значэнне, а не дасягненне высокіх вынікаў.
Капітан каманды монсеньёр Мельхіёр Санчэс дэ Тока-і-Аламеда з Папскай рады па культуры адзначыў, што ў Ватыкане заўсёды марылі ўбачыць сцяг Святога Пасаду на адкрыцці Алімпійскіх Гульняў.
У будучыні ватыканская зборная плануе ўступіць у Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый (ІААF).