28 лістапада на агульнай аўдыенцыі маленькі хлопчык з Аргентыны падбег да папы Францішка, каб прывітацца з ім, хоць гэта не было прадугледжана праграмай.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая праходзіла ў ватыканскай зале Паўла VI, маленькі хлопчык падбег да Святога Айца, каб прывітацца з ім, пасля чаго мама малога адвяла яго на месца ў зале, але той праз нейкі час зноў вярнуўся да Папы.
Святы Айцец з гэтай нагоды прамовіў экспромтам па-іспанску:
«Este chico… Гэты хлопчык не можа размаўляць: ён нямы, але ён умее „камунікаваць“, умее самавыражацца. І ён мае штосьці добрае, што прымушае мяне задумацца: ён свабодны, недысцыплінавана свабодны. Але ж свабодны! Гэта выклікае ў мяне думку: ці я таксама такі ж свабодны перад Богам?
Калі Езус кажа, што мы павінны паводзіць сябе, як дзеці, Ён кажа, што мы павінны мець свабоду, якую мае дзіця ў адносінах да Айца.
<…> Так, я лічу, што гэты хлопчык усім нам прамовіў казанне… І папросім аб ласцы, каб ён змог гаварыць».