8 кастрычніка Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці папы Францішка кардынал П’етро Паралін адказаў на пытанні журналістаў, якія датычыліся знойдзеных у канцы кастрычніка падчас рамонту Апостальскай Нунцыятуры (пасольства Ватыкана) у Рыме чалавечых парэшткаў.
«Святы Пасад нічога не казаў пра іх сувязь з Эмануэлай Арландзі, — сцвердзіў кардынал Паралін. — Я не ведаю, хто звязаў гэты выпадак з Арландзі».
Журналісты Службы рэлігійнай інфармацыі SIR — агенцтва навінаў, якое падтрымлівае Канферэнцыя Біскупаў Італіі, — задалі пытанне наконт таго, чаму Дзяржаўны Сакратарыят Святога Пасаду неадкладна прыцягнуў да справы італьянскія ўлады.
У адказ кіраўнік ватыканскай дыпламатыі патлумачыў, што «гэта было зроблена для празрыстасці — такім чынам, каб не даць падставаў абвінавачваць Святы Пасад у тым, што ён жадае штосьці схаваць».
Усё было зроблена максімальна адкрыта і празрыста. Былі знойдзены чалавечыя парэшткі, ёсць жаданне даведацца, што адбылося насамрэч і чые гэта [парэшткі].Таму да Італіі звярнуліся па дапамогу», — сказаў кардынал П’етро Паралін.
Нагадаем, што напрыканцы кастрычніка падчас рамонту аднаго з памяшканняў Апостальскай Нунцыятуры (пасольства Ватыкана) у Італіі, што знаходзіцца ў цэнтры Рыма, былі знойдзены чалавечыя парэшткі: косткі амаль цэлага шкілету, як мяркуецца, жанчыны. Прэса адразу ж беспадстаўна звязала сумную знаходку са «справай Арландзі» — пятнаццацігадовай дзяўчынкі, дачкі свецкага супрацоўніка Інстытута рэлігійных спраў (ватыканскага банку), якая таямнічым чынам знікла 22 чэрвеня 1983 г. У прэсе з’яўлялася шмат версій яе знікнення, але ніводная з іх да гэтага часу не пацвердзілася.