Пошук

31.10.2018 12:06   Vatican News / Catholic.by

Марыя стала благаслаўлёнай між жанчынамі, бо нарадзілася беззаганнай і была выбрана, каб стаць Маці Езуса, нагадаў Папа ў новай тэлепраграме «Ave Maria», якая выходзіць на італьянскім канале «TV2000».

Святы Айцец радок за радком тлумачыць малітву «Вітай, Марыя» ў размове з кс. Марко Поца, турэмным капеланам з Падуі. 30 кастрычніка вечарам у эфір выйшаў ужо трэці выпуск перадачы, падчас якой Папа казаў пра нянавісць д’ябла да Маці Божай.

У ходзе гутаркі Пантыфік звяртае ўвагу на небяспеку самаізаляцыі, абумоўленай пачуццём прыналежнасці да пэўнай эліты. «Калі кажу пра эліту, не маю на ўвазе сацыяльны клас, але ўнутранае стаўленне», — сказаў ён і дадаў, што антыподам пачуцця «элітарнасці» з’яўляецца ўсведамленне прыналежнасці да «святога Божага народу». Д’яблу падабаецца першы варыянт, заўважыў Пантыфік.

Папа прызнаўся, што пазнаёміўся з Паннай Марыяй менавіта дзякуючы жанчынам: маці, бабулі і законніцы, якая рыхтавала яго да Першай святой Камуніі. Пантыфік дадаў, што яго роднай мовай з’яўляецца п’емонцкі дыялект, бо менавіта на ім размаўлялі дома.

Праграма «Ave Maria» была падрыхтавана тэлеканалам «TV2000», які належыць Канферэнцыі Біскупаў Італіі, у супрацоўніцтве з ватыканскай Дыкастэрыяй па камунікацыі. Апрача Папы, у кожным выпуску сваімі сведчаннямі дзеляцца дзве розныя жанчыны: адна з іх — нейкая знакамітасць, другая — звычайная маці. У перадачы 30 кастрычніка выступілі Крысціяна Капатодзі, італьянская актрыса, і Даніэла Мандзіці — маці, якая раскрыла паліцыі месца знаходжання свайго сына, што хаваўся ад правасуддзя.

З адказаў папы Францішка ў рамках праграмы «Ave Maria» таксама нарадзілася аднайменная кніга. Яе ўжо можна набыць у Італіі.

Гэта другі праект такога роду для Святога Айца. Год таму на тым жа тэлеканале «TV2000» выходзіла праграма «Padre Nostro» («Ойча наш»), у якой Папа тлумачыў значэнне галоўнай хрысціянскай малітвы. Яе вядучым быў таксама кс. Марко Поца, а вынікам, як і зараз, стала адмысловая кніга з разважаннямі Пантыфіка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця