Пошук

13.08.2018 00:00   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican Media / Catholic.by

70 тысяч юнакоў і дзяўчат прынялі ўдзел у малітоўным чуванні з папам Францішкам, якое ўвечары 11 жніўня прайшло на тэрыторыі старажытнарымскага іпадрома Чырка Массіма.

Супольная малітва была арганізавана італьянскім епіскапатам з нагоды Сіноду Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Каля 40 тысяч удзельнікаў чування са Святым Айцом прыйшлі ў Вечны горад пешкі з розных рэгіёнаў Італіі.

«Касцёл без сведчання — гэта толькі дым», — адзначыў Папа, звяртаючыся да сваіх маладых гасцей. Ён заклікаў іх наследаваць прыклад святога Францішка Асізскага, які змяніў гісторыю Італіі, нягледзячы на тое, што многія лічылі яго вар’ятам, а таксама жыць любоўю, выходзячы насустрач іншым людзям і даючы сведчанне веры.

«Калі мы, хрысціяне — ці свецкі вернік, ці святар, ці законніца альбо біскуп, — не навучымся слухаць боль, слухаць праблемы людзей, замаўкаць, дазваляць іншым людзям казаць, мы не будзем здольнымі даць ім добры адказ», — падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, добрыя адказы немагчыма даць словамі: для іх неабходна рызыкаваць сабой у сведчанні.

«Дзе няма сведчання, там няма Святога Духа.

Аб першых хрысціянах казалі: „Глядзіце, як яны любяць адзін аднаго“, бо людзі бачылі сведчанне хрысціянаў, якія ўмелі слухаць, а таксама жылі паводле Евангелля», — зазначыў ён.

Пантыфік распавёў, як падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве адзін юнак спытаўся ў яго: што трэба сказаць чалавеку, каб ён пераканаўся, што наша вера — сапраўдная?

«І я сказаў яму: „Даражэнькі, самае апошняе, што ты павінен рабіць, — гэта казаць штосьці. Пачні жыць як хрысціянін, і ён сам спытаецца, чаму ты так жывеш», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў моладзь марыць аб вялікім і нагадаў гісторыю аднаго італьянскага юнака, якому не дазваляў пайсці за марай ягоны бацька. «Гэты юнак знайшоў прытулак у палацы біскупа. Ён скінуў з сябе вопратку і аддаў яе бацьку, кажучы: „Дазволь мне пайсці“. Гэтага юнака, дваццацігадовага італьянца, звалі Францішак, і ён змяніў гісторыю Італіі”, — патлумачыў Пантыфік, маючы на ўвазе святога Францішка Асізскага.

Паводле Святога Айца, сапраўднаю спакусаю з’яўляецца «фармалісцкі» Касцёл, які не дае сведчання. Часта «Езус стукае ў дзверы знутры нас, каб дазволілі Яму выйсці, бо без сведчання мы трымаем Яго нявольнікам нашага фармалізму, нашай закрытасці, нашага эгаізму, нашага клерыкальнага ладу жыцця.

Клерыкалізм, які закранае не толькі духавенства, але ўсіх нас — гэта скажэнне Касцёла», — сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат марыць не пра штосьці дробязнае, не пра камфорт, не быць „канапавай моладдзю“, не шукаць заспакаення прагненняў у наркотыках, якія знішчаюць жыццё, але ахвяроўваць свае мары Богу, быць пілігрымамі на шляху мараў, рызыкаць і не баяцца, маючы перад вачыма аблічча Езуса Хрыста і клапоцячыся пра людзей у нястачы.

«Касцёл мае патрэбу ў вашым запале, вашай інтуіцыі, вашай веры», — сказаў папа Францішак моладзі.

Пасля сустрэчы з Папам на тэрыторыі Чырка Массіма праходзіла моладзевае чуванне з малітвай, спевамі і сведчаннямі. Уначы маладыя людзі прайшлі ў пілігрымцы да плошчы св. Пятра, дзе раніцай для іх адбылася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кардынал Гуалцьеро Басэцці, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі.

Абноўлена 13.08.2018 14:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця