Пошук


Папа Францішак нагадаў, што 24 мая адзначаецца Сусветны дзень малітваў за Касцёл у Кітаі, і заклікаў усіх далучыцца да гэтай ініцыятывы.

«Гэтая акалічнасць заахвочвае нас да духоўнага яднання з усімі католікамі, якія жывуць у Кітаі. Мы молімся за іх да Маці Божай, каб мелі магчымасць жыць сваёй верай са шчодрасцю і спакоем, каб маглі рэалізаваць канкрэтныя жэсты братэрства, гармоніі і прымірэння ў поўнай еднасці з Наступнікам св. Пятра», — сказаў Папа.

«Дарагія вучні Пана ў Кітаі, увесь Касцёл моліцца разам з вамі і за вас, каб нават на фоне цяжкасцяў вы маглі працягваць давяраць Божай волі. Маці Божая ніколі не перастане дапамагаць вам і будзеце ахоўваць вас сваёй матчынай любоўю», — дадаў Пантыфік.

Сусветны дзень малітваў за Касцёл у Кітаі быў устаноўлены Бэнэдыктам XVI у 2007 г. у «Лісце да католікаў Кітая». У ім Папа выказаў просьбу, каб літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, якую з вялікай пабожнасцю ўшаноўваюць у марыйным санктуарыі Шэшань у Шанхаі, стаў для ўсяго свету нагодай, каб злучыцца ў малітве з Касцёлам у Кітаі.

У гэтай камуністычнай краіне па-ранейшаму дзейнічае як «афіцыйны», прызнаны дзяржавай, так і «падпольны» Касцёл. Між тым, ватыкана-кітайскія адносіны да гэтага часу складваюцца няпроста. Пекін па-ранейшаму не прызнае кандыдатаў у біскупы, вылучаных Святым Пасадам, лічачы гэта ўмяшаннем ва ўнутраныя справы краіны. Таксама рэлігійныя свабоды ў Кітаі на практыцы існуюць толькі ў вельмі абмежаванай ступені.

У «падпольным» Касцёле няма семінарый, семінарысты вучацца ў дамах, і іх падрыхтоўка аказваецца даволі абмежаванай, у той час як у «афіцыйных» семінарыях за апошнія 20 гадоў колькасць пакліканняў скарацілася, адна з прычын чаго — працяглая палітыка аднаго дзіцяці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа