Пошук

© Vatican Media

Дапамагчы людзям маладога ўзросту не стаць нявольнікамі цікаўнасці, якая прыводзіць да сустрэчы з бруднымі рэчамі ў віртуальным свеце, заклікаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 30 красавіка цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Святы Айцец растлумачыў розніцу паміж добрай і кепскай цікаўнасцю. У якасці першага прыкладу ён указаў на дапытлівасць дзяцей, якія хочуць знайсці тлумачэнне рэчам, якіх не разумеюць. Гэта — добрая цікаўнасць, бо яна служыць развіццю асобы і яе «большай самастойнасці». Акрамя таго, яна з’яўляецца «сузіральнай цікаўнасцю», таму што «дзеці бачаць, сузіраюць, не разумеюць і пытаюцца», лічыць Пантыфік.

У якасці адмоўнага прыкладу цікаўнасці ён назваў пляткарства, «суванне носу» ў жыццё іншых людзей, жаданне даведацца пра тое, пра што не маем права ведаць. На думку Святога Айца, такая цікаўнасць уласцівая як жанчынам, так і мужчынам. З ёй чалавек сустракаецца на працягу ўсяго жыцця, але яе не трэба баяцца.

Важна быць пільнымі, пастанавіўшы для сябе: «пра гэта не пытаюся, на гэта не гляджу, гэтага не жадаю».

Папа падкрэсліў, што шмат кепскага існуе ў віртуальным свеце, куды маюць доступ многія дзеці, таму трэба дапамагчы ім захаваць прагу ведаў, але пры гэтым абараніць ад цікаўнасці, якая робіць нявольнікамі.

У развіцці здаровай цікаўнасці, паводле Папы, дапамагае духоўнае жыццё, адкрытасць сэрца для ласкі Святога Духа, які заўсёды дае ўпэўненасць і слушны адказ у той ці іншай сітуацыі.

«Святы Дух — гэта спадарожнік, спадарожнік на шляху хрысціяніна», — дадаў Святы Айцец.

На заканчэнне гаміліі папа Францішак заклікаў вернікаў прасіць у Бога ласкі адрознення добрай цікаўнасці ад кепскай, а таксама адкрытасці сэрца для Святога Духа, які суправаджае і дае ўпэўненасць у тым, чаму навучаў Езус Хрыстус.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.