22 красавіка, у IV Велікодную нядзелю, або нядзелю Добрага Пастыра, калі ў Касцёле ў 55-ы раз прайшоў Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, падчас урачыстай літургіі ў базыліцы св. Пятра папа Францішак удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне шаснаццаці дыяканам.
«Не стамляйцеся быць міласэрнымі. Думайце пра вашыя грахі, пра вашыя слабасці, якія прабачае Езус. Будзьце міласэрнымі», — заклікаў Святы Айцец новапасвячаных святароў. У гаміліі Папа звярнуўся да іх таксама з заклікам не забывацца пра тое, што яны былі «з людзей узятыя і для людзей пастаўленыя», каб дапамагаць ім ісці да Бога. «У радасці і шчырай любові спаўняйце святарскую справу Хрыста, жадаючы толькі падабацца Богу, а не самім сабе або людзям, і не шукаючы ўласнай карысці», — заахвоціў Пантыфік.
«Майце заўсёды перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць, каб шукаць і збаўляць тое, што было згублена», — дадаў Святы Айцец. Ён нагадаў пра святарскі абавязак абвяшчэння Божага слова: «Чытайце і нястомна разважайце над словам Пана, каб верыць у тое, што прачыталі, вучыць таму, што прынялі з верай, жыць тым, чаму навучаеце», — заклікаў ён.
Папа падкрэсліў, што святары пакліканы будаваць Касцёл сваім словам і прыкладам, а таксама працягваць асвячальную справу Хрыста.
«Няхай ваша павучанне будзе пасілкам для Божага народу, няхай святасць вашага жыцця стане крыніцай радасці для вызнаўцаў Хрыста», — сказаў Пантыфік.
Адзінацаць з шаснаццаці новапрэзбітэраў будуць служыць у Рымскай дыяцэзіі. Шасцёра з гэтай групы паходзяць з розных краін свету і праходзілі фармацыю ў місіянерскай неакатэхуменальнай семінарыі Redemptoris Mater. Пяцёра дыяканаў рыхтаваліся да святарства ў семінарыі Рымскай дыяцэзіі, чацвёра (трое з Індыі і адзін з Перу) — у Кангрэгацыі Сям’і вучняў і адзін — у Кангрэгацыі айцоў арыяністаў.