28 лютага ў Ватыкане завяршылася трохдзённае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, першае ў гэтым годзе.
На ім прысутнічаў папа Францішак. Былі разгледжаны пытанні, якія датычылі «тэалагічнага статусу біскупскіх канферэнцый», сітуацыі з чалавечымі рэсурсамі ў Ватыкане і Святым Пасадзе, стрымлівання выдаткаў, а таксама абароны непаўналетніх.
Акрамя таго, кардыналы азнаёміліся з працай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў і Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.
Была падкрэслена неабходнасць тэалагічнага асэнсавання статусу Канферэнцый Біскупаў. Кардыналы спаслаліся на 32-ы пункт Апостальскай адгартацыі папы Францішка Evangelii Gaudium: «...да гэтага часу недастаткова высветлены статус Канферэнцый Біскупаў у якасці суб’ектаў, надзеленых канкрэтнымі паўнамоцтвамі, уключаючы пэўны дактрынальны аўтарытэт. Празмерная цэнтралізацыя не аблягчае, а ўскладняе жыццё Касцёла і перашкаджае місійнай дынаміцы». Было прапанавана новае прачытанне Апостальскага паслання Яна Паўла ІІ Apostolos Suos «у духу здаровай дэцэнтралізацыі», пра якую часта кажа папа Францішак.
Кардынал Рэйнхард Маркс праінфармаваў Раду пра станоўчыя дасягненні ў галіне прадстаўлення фінансавай справаздачнасці, а таксама эканоміі сродкаў і скарачэнні дэфіцыту Святога Пасаду. У сувязі з гэтым ватыканская Рада па эканамічных пытаннях, якую ўзначальвае кардынал, вырашыла распрацаваць кіруючыя прынцыпы для органаў Святога Пасаду ў мэтах зніжэння выдаткаў.
Гэта была 23-я нарада гэтай кансультатыўнай групы пры Пантыфіку. Наступнае пасяджэнне адбудзецца 23–25 красавіка.