Каталіцкія біскупы Беларусі, якія знаходзяцца ў Рыме з візітам ad limina Apostolorum, 2 лютага скіравалі свае віншаванні ўсім кансэкраваным асобам у нашай краіне. Адпаведны ліст падпісаў біскуп Аляксандр Яшэўскі, салезіянін, адказны ў ККББ за пастырства інстытутаў кансэкраванага жыцця, які прадставіў беларускую сітуацыю ў гэтай сферы ў адпаведнай кангрэгацыі Святога Пасаду.
Паважаныя кансэкраваныя асобы ў Беларусі,
з Рыма, са сталіцы святога Апостала Пятра, прыміце ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі нашыя самыя шчырыя словы віншавання, удзячнасці і павагі.
Свята Ахвяравання Пана было ў 1997 годзе абвешчана Днём кансэкраванага жыцця. Сімвал запаленай свечкі нагадвае кожнай кансэкраванай асобе, што мы асаблівым чынам злучаемся з Богам праз манаскія абяцанні, каб стаць святлом, своеасаблівым маяком для сучаснага свету, які блукае ў змроку нявырашаных праблем і супярэчнасцяў.
Мы, кансэкраваныя асобы, павінны быць тымі, хто сёння дапаможа людзям распазнаць знакі часу і асветліць чалавеку шлях да Бога сваім жыццёвым сведчаннем.
У гэты святочны дзень жадаем усім кансэкраваным асобам у Беларусі верна ісці шляхам свайго паклікання да агульнай мэты: паўнаты жыцця ў Хрысце Езусе.
Няхай святло Езуса Хрыста, якім так пранікнёна напоўнена літургія сённяшняга свята, асвятляе ваш шлях і штодзённы выбар сэрца. Няхай Таямніца Ахвяравання праз рукі Беззаганнай Панны Марыі заўсёды будзе для вас суцяшэннем і надзеяй у цяжкія хвіліны жыцця.
Цэлебруючы сёння Эўхарыстыю са Святым Айцом Францішкам і кансэкраванымі асобамі з усяго свету ў Ватыканскай базыліцы св. Пятра, даручаем вас усіх Пану, просячы аб шчодрым благаслаўленні і ласках.