Папа Францішак сустрэнецца з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам на прыватнай аўдыенцыі 5 лютага ў Ватыкане.
Як і кожная прыватная аўдыенцыя, гэтая сустрэча пройдзе ў бібліятэцы Апостальскага Палаца, як паведамілі ў прэс-службе Ватыкана.
Прэзідэнт Турцыі размаўляў з папам Францішкам па тэлефоне ў снежні 2017 года. У размове Святы Айцец выказаў сваю заклапочанасць палітыкай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адносна Ізраіля.
Як паведамляе набліжаная да ўраду турэцкая газета Sabah, Турцыя зацікаўлена ў асаблівым статусе Іерусаліма, бо гэта з’яўляецца ключом да стабільнасці ў рэгіёне, таму не варта рабіць крокі, якія пагражалі б гэтаму статусу.
Прадстаўнік прэс-службы Ватыкана пацвердзіла факт тэлефоннай размовы Папы Рымскага і прэзідэнта Турцыі, адзначыўшы, што размова праходзіла па ініцыятыве турэцкага лідара, але не пракаментавала тэму размовы.
Прэзідэнт Эрдаган прымаў папу Францішка ў Анкары падчас візіту Пантыфіка ў Турцыю ў 2014 годзе, а цяпер турэцкі прэзідэнт упершыню асабіста наведае Ватыкан. Дыпламатычныя адносіны паміж Турцыяй і Апостальскай Сталіцай былі ўсталяваны ў 1960 годзе падчас пантыфікату Яна XXIII.
У пачатковай фазе пантыфікату папы Францішка ў дыпламатычных адносінах паміж дзвюма дзяржавамі адчувалася напружанасць пасля таго, як у 2015 годзе Папа Рымскі назваў знішчэнне армянскага народа, што адбылося 100 гадоў да гэтага, «генацыдам».
Як рэакцыя на словы Пантыфіка, Анкара на пэўны час адклікала свайго пасла пры Апостальскай Сталіцы. Праз нейкі час сітуацыя стабілізавалася, і ў 2016 годзе турэцкі дыпламат вярнуўся ў Рым.