Сакратарыят Сіноду Біскупаў запрашае моладзь паўдзельнічаць у кансультацыях, якія вядуцца ў межах падрыхтоўкі да Сіноду на тэму моладзі. Кожны месяц з дапамогай камунікатара WhatsApp моладзь просяць адказаць у выглядзе каментара або фотаздымка на адно пытанне.
Як пракаментавалі СМІ ў сакратарыяце Сіноду Біскупаў, інтэрактыўныя кансультацыі пакліканы дапамагчы сабраць як мага большую колькасць меркаванняў моладзі з усяго свету. Менавіта з такім намерам у камунікатары WhatsApp быў запушчаны спецыяльны канал, на якім штомесяц, пачынаючы са студзеня, будзе з’яўляцца адно пытанне, прысвечанае моладзі, а адказы на яго будуць публікавацца на фанстаронцы «Сінод 2018» найбуйнейшай сацыяльнай сеткі ў свеце Facebook.
«Што робіць цябе шчаслівым?» — гэта першае пытанне, на якое юнакі і дзяўчаты могуць адказаць у студзені. Адказ можна даслаць у выглядзе каментара, фотаздымка або відэаматэрыяла. Камунікацыйны канал Сіноду Біскупаў можна знайсці ў камунікатары WhatsApp, упісаўшы нумар тэлефона +39 342 601 5596. Пытанні задаюцца па-італьянску, па-іспанску і па-англійску.
XV Агульнае пасяджэнне Сіноду Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання» пройдзе ў Рыме з 3 па 28 кастрычніка з удзелам біскупаў з усяго свету.