Кангрэгацыя па справах Духавенства ў супрацоўніцтве з Сакратарыятам па камунікацыі Апостальскай Сталіцы распрацавала спецыяльны аплет, які дапаможа святарам у падрыхтоўцы нядзельных гамілій.
Мабільная праграма называецца Сlerus app. На сёння яе можна бясплатна спампаваць на платформе Play Store. У бліжэйшы час яна з’явіцца таксама ў App Store.
У апісанні аплету адзначаецца, што кожны тыдзень з яго дапамогай можна пазнаёміцца з парадамі адносна падтрыхтоўкі нядзельнай гаміліі. Абнаўленні размяшчаюцца галоўным чынам па чацвяргах. Іх аўтарам з’яўляецца айцец Марка Рупнік — вядомы езуіт са Славеніі, мастак і тэолаг.
Мабільная праграма дае магчымасць праслухоўваць, спампоўваць і архіваваць тэксты, рабіць нататкі, змяняць памер шрыфта, колер фона, рэгуляваць яркасць, а таксама дзяліцца зместам з дапамогай сацыяльных сетак.
Яна адрасавана таксама ўсіх людзям, якія жадаюць паглыбіць сваё знаёмства з Божым словам.
Папа Францішак неаднойчы звяртаў увагу на важнасць гамілетычнага служэння святароў. «Гаміліі павінны быць менавіта перадачай ласкі Божай: простымі, каб усе іх разумелі, і каб усе атрымлівалі жаданне станавіцца лепшымі», — казаў Пантыфік падчас візіту ў рымскую базыліку св. Яна на Латэране ў лістападзе 2015 г.
Пры іншай нагодзе — падчас удзялення прэзбітэрскага пасвячэнне некалькім дыяканам у маі 2017 г. — Святы Айцец заклікаў будучых святароў да радаснага абвяшчэння Божага слова.
«Чытайце старанна і разважайце над Божым словам, каб верыць у тое, што вы чыталі, навучаць таму, чаму вы самі навучыліся, верыць у тое, пра што навучаеце», — казаў Папа Рымскі.
Важнасці грунтоўнай падрыхтоўкі гамілій прысвечана значная частка першай Апостальскай адгартацыі Святога Айца Evangelii gaudium. «Гамілія — гэта тое, па чым ацэньваецца блізкасць і здольнасць пастыра сустрэцца са сваім народам», — пісаў папа Францішак. На старонках гэтага дакумента Пантыфік даў шматлікія канкрэтныя парады прапаведнікам.