Рымская курыя як прылада евангелізацыі і служэння Пантыфіку і мясцовым Касцёлам — галоўная тэма чарговай сустрэчы Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.
Сустрэча прайшла 11-13 снежня ў Ватыкане. Па традыцыі папа Францішак прысутнічаў на ўсіх яе пасяджэннях, за выключэннем раніцы серады, бо ў гэты час адбывалася агульная аўдыенцыя Пантыфіка.
Падчас нарады кардыналаў гаворка ішла аб сітуацыі, якая тычыцца шэрагу Кангрэгацый: па справах Духавенства, Евангелізацыі Народаў, Каталіцкай Адукацыі, а таксама Папскай рады па культуры.
Значная частка дыскусій была прысвечана разгляду справаздач, прадстаўленых кіраўніцтвам Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Сакратарыяту па камунікацыі і Секцыі па справах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Якой будзе рэформа ватыканскіх СМІ?
Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі мансеньёр Дарыё Вігано пазнаёміў Папу і яго бліжэйшых дарадчыкаў з апошнім этапам рэформы ватыканскіх СМІ. Была прадстаўлена структура дыкастэрыі і яе секцый, а таксама распрацаваны колькасны склад, які павінен будзе зацвердзіць Дзяржсакратарыят. Ксёндз Вігано зрабіў справаздачу са зробленай працы, у тым ліку адносна памяншэння колькасці персаналу і выдаткаў на ватыканскія СМІ.
Прэфект распавёў пра новую працэдуру вытворчасці мультымедыйнай прадукцыі і новы партал, які ў бліжэйшы час будзе прадстаўлены ў бэта-версіі і стане першым відавочным і канкрэтным выразам рэформы.
Было пацверджана, што з 1 студзеня 2018 г. у структуру Сакратарыяту па камунікацыі ўвойдуць Ватыканская тыпаграфія, газета L’Osservatore Romano і Ватыканская фотаслужба.
Рада кардыналаў заслухала таксама двух падсакратароў Секцыі па справах мігрантаў і бежанцаў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кс. Майкла Чэрнага і кс. Фабіо Баджа, якія распавялі пра працэс арганізацыі гэтай Секцыі, кіраўніком якой з’яўляецца сам Пантыфік. Зараз у ёй працуе 21 чалавек, улічваючы валанцёраў.
Кардынал Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, распавёў пра фарміраванне гэтай структуры, заснаванай 1 верасня 2016 г., а таксама пра яе моладзевыя праекты. У сваю чаргу кардынал Шон О’Мэлі падзяліўся звесткамі аб дзейнасці Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якую ўзначальвае.
Наступнае пасяджэнне кансультатыўнага органу пры Пантыфіку пройдзе ў Ватыкане 26-28 лютага 2018 г.