Будучыя лідары сферы бізнесу, культуры, спорту, навукі і некамерцыйных арганізацый маюць магчымасць атрымаць унікальныя навыкі і кантакты дзякуючы ўдзелу ў майстар-класах «15 прынцыпаў лідарства папы Францішка», арганізаваных польскім Фондам нацыянальнай творчасці (CTN) і Папскай радай па культуры. 16 студзеня 2018 г. у Варшаве пройдзе прэзентацыя праекту. Ганаровы патранат над ім узяў арцыбіскуп Варшаўскі, кардынал Казімір Ныч.
Першы майстар-клас адбыўся ў 2015 годзе пад назвай «Мысленне будучыняй і вяртанне да каштоўнасцяў». Да гэтага часу ўдзел у пілотных сустрэчах прынялі каля 400 прадпрымальнікаў. У 2016 годзе было падпісана пагадненне паміж Фондам і Папскай радай па культуры для арганізацыі майстар-класаў у якасці глабальнай праграмы, мэтай якой з’яўляецца развіццё лідарскіх кампетэнцый маладых людзей на аснове агульначалавечых каштоўнасцяў і прадастаўленне практычных ведаў аўтарытэтамі са сферы бізнесу, культуры, навукі, спорту з розных краін свету. У чэрвені 2018 года плануецца міжнародная сустрэча арганізатараў і ўдзельнікаў праекту з папам Францішкам у Рыме.
Паводле даных даследавання, праведзенага ў 24 краінах, папа Францішак быў названы самым аўтэнтычным лідарам у свеце. Незалежна ад поглядаў, веравызнання і паходжання, 74 працэнты рэспандэнтаў абралі Пантыфіка. Адсюль ідэя, каб менавіта ён стаў «тварам» праграмы, здольнай аб’яднаць лідараў з розных краін.
У адным са сваіх выступленняў перад супрацоўнікамі Рымскай курыі папа Францішак паказаў на 15 хваробаў, з якімі сутыкаюцца сучасныя кіраўнікі. У іх ліку былі і пыха, нецярпімасць, блізарукасць і дробязнасць.
Натхнёны гэтымі словамі Гэры Хамэл, адзін з вядучых аўтарытэтаў у галіне лідарства, сфармуляваў «15 прынцыпаў лідарства паводле папы Францішка», падкрэсліўшы, што, хоць словы былі скіраваны да духавенства, яны могуць быць выдатнымі правіламі для ўсіх, незалежна ад рэлігіі, нацыянальнасці, узросту ці прафесіі.
На працягу наступных трох гадоў Фонд плануе правесці бясплатныя заняткі для мільёна маладых людзей з усяго свету, прапануючы ім інструменты і практычныя парады, якія дапамогуць развіць лідарскія навыкі. Майстар-класамі зоймуцца 25 нацыянальных каардынатараў з Еўропы і ЗША. Таксама плануецца стварыць анлайн-платформу.