«Ніхто не можа лічыць сябе бескарысным і настолькі бедным, каб не магчы даць штосьці іншым», — сказаў папа Францішак 19 лістапада ў сваёй гаміліі ў Сусветны дзень бедных. Эўхарыстыя прайшла ў ватыканскай базыліцы.
Пантыфік у сваёй гаміліі спаслаўся на Евангелле аб талантах і адзначыў, што «мы ўсе жабракі самага важнага — Божай любові, якая дае нам сэнс жыцця і жыццё без канца».
Бог вучыць нас адказнасці за атрыманыя «таланты». Не рабіць нічога дрэннага тут не дастаткова. Святы Айцец адзначыў, што чалавек, які клапоціцца толькі аб утрыманні скарбаў мінулага, не з’яўляецца верным Богу. Вернасць грунтуецца на рызыкаванні дзеля любові, прысвячэнні свайго жыцця іншым, нязгодзе на тое, каб пакінуць усё як ёсць.
«Занядбанне — гэта вялікі грэх супраць бедных», — падкрэсліў Папа. «У бедным Езус стукае ў нашае сэрца і сасмаглы просіць нас аб любові. Калі мы пераадольваем абыякавасць у імя Езуса, калі прысвячаем сябе Яго самым малым братам, з’яўляемся Яго добрымі і вернымі сябрамі, з якімі Ён любіць быць. Бог гэта высока цэніць», — запэўніў папа Францішак.
Святы Айцец дадаў, што ў «бедных выяўляецца прысутнасць Езуса». Па гэтай прычыне ў іх слабасці ёсць «збаўчая сіла». І калі ў вачах усяго свету яны маюць невысокую каштоўнасць, то для нас адкрываюць шлях да нябёсаў, з’яўляюцца нашым «пашпартам у рай». Клопат пра іх — гэта наш евангельскі абавязак, і мы робім гэта не толькі даючы хлеб, але і дзелячыся з імі хлебам Слова, адрасатамі якога яны з’яўляюцца. «Любіць беднага — гэта тое ж, што змагацца з любога роду беднасцю, духоўнай і матэрыяльнай», — выказаў перакананне папа Францішак.
Сваю гамілію Папа завяршыў словамі: «Няхай Пан, які спачувае нашай беднасці і дае нам свае таланты, дасць нам мудрасць шукаць самае важнае і мужнасць, каб любіць не на словах, а на самой справе».