«Існуе глыбокая сувязь паміж поўным раззбраеннем і інтэгральным развіццём», — нагадалі ўдзельнікі ватыканскага саміта па ядзерным раззбраенні, які прайшоў 10-11 лістапада пры ўдзеле шматлікіх палітычных і рэлігійных лідараў, лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру, прадстаўнікоў ААН і НАТА, а таксама зацікаўленых бакоў паўночнакарэйскага крызісу: ЗША, Паўднёвай Карэі і Расіі.
На заканчэнне канферэнцыі быў падрыхтаваны выніковы дакумент, у якім выказваецца асуджэнне выкарыстання ядзернай зброі, паколькі яна можа прывесці да вялікай колькасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва, а таксама нагадваецца, што выпрабаванні падобнага роду ўзбраенняў адмоўным чынам уплываюць на атмасферу, акіяны і экалагічную сітуацыю на планеце.
Паводле ўдзельнікаў форума, ядзернае стрымліванне не ў стане адказаць на крызіс і выклікі шматпалярнага свету, а таксама на пагрозы міру і бяспецы, такія як тэрырызм, асіметрычныя канфлікты і беднасць. Акрамя таго, яно не гарантуе стабільнага міру, а стварае падманлівае пачуццё бяспекі і спрыяе культуры ўзаемнага запалохвання ў сістэме міжнародных адносін.
На ватыканскім саміце гаворка ішла пра велізарныя выдаткі, якія накіроўваюцца на ядзерныя ўзбраенні, замест таго, каб быць накіраванымі на вырашэнне галоўных прычын канфліктаў і спрыянне міру. Адзначалася, што ў фундаменце трывалага міру знаходзіцца прынцып справядлівасці, а ядзернае раззбраенне — гэта глабальная праблема, якая патрабуе глабальнага рашэння.
Удзельнікі саміту заўважаюць, што ў свеце патрэбны ўсеабдымны дыялог адносна ядзернага раззбраення, у якім павінны ўдзельнічаць таксама краіны, якія валодаюць гэтага тыпу ўзбраеннямі. У выніковым дакуменце форума ўтрымліваецца заклік падпісаць Дамову аб забароне ядзернай зброі краінам, якія яго яшчэ не падпісалі.