Пошук


9 лістапада папа Францішак прыняў на аўдыенцыі студэнтаў Папскага ўкраінскага калегіума св. Язафата Кунцэвіча ў Рыме з нагоды 85-годдзя заснавання гэтай структуры.

«Запрашаю вас да вывучэння сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, каб узрастаць у разважлівасці і разуменні сацыяльнай рэчаіснасці, у якой будзеце пакліканы працаваць», — звярнуўся Пантыфік да студэнтаў.

У перыяд свайго пантыфікату папа Пій XI выкрываў атэістычныя і негуманныя ідэалогіі свайго часу, заклікаў да абароны веры, свабоды Касцёла і перавагі чалавечай годнасці, нагадаў папа Францішак. Аднак войны і гвалт раняць і сучасны свет, працягнуў Пантыфік, узгадаўшы няпростую палітычную сітуацыю ва Украіне, дзе працягваюцца ваенныя дзеянні і «застаецца моцным жаданне справядлівасці і міру, якія б забаранілі любую форму хабарніцтва, сацыяльнай ці палітычнай карупцыі, рэчаіснасці, за якую расплачваюцца заўсёды бедныя».

«Вам, семінарысты і святары Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, гэтыя выклікі могуць падавацца непад’ёмнымі; давайце, аднак, памятаць словы святога апостала Яна: “Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога (...) і слова Божае жыве ў вас» (1 Ян 2, 13-14). Калі будзеце любіць і прапаведваць Божае Слова, станеце сапраўднымі пастырамі даручаных вам супольнасцяў, а Слова гэтае будзе лямпай, што асвячае вашыя сэрцы і дамы», — запэўніў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў украінскіх вернікаў «любіць і захоўваць свае традыцыі, пазбягаючы, аднак, фракцыйнасці», абараняць на радзіме і за мяжой «мару аб саюзе Бога з чалавецтвам» — масты, якія б мірылі неба з зямлёю і прымушалі людзей «вучыцца ўзаемнай любові і павазе, адкінуўшы зброю, войны і любую форму насілля».

Пантыфік выказаў перакананне, што выконваць гэтую місію ў духу экуменізму дапаможа Найсвяцейшая Панна Марыя, якую ўкраінскія вернікі асаблівым чынам ушаноўваюць у нацыянальным санктуарыі ў Зарваніцы і невялічкі абраз якой захоўвае сам Пантыфік, скіроўваючы да Марыі свае малітвы штодня.

Абноўлена 10.11.2017 12:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа