Пошук


Інтэрв’ю са знакамітай амерыканскай даследчыцай, праваслаўным тэолагам і экспертам па біяэтыцы Гайле Валашак пад назвай «Жанчына ў цэнтры дыялогу паміж навукай і светам» адкрывае лістападаўскі нумар штомесячнага ватыканскага часопіса «Жанчыны. Касцёл. Свет».

Чарговы выпуск выдання цалкам прысвечаны праваслаўю і жанчынам, якія належаць да гэтай канфесіі.

Інтэрв’ю на тэму месца і ролі жанчыны ў праваслаўным тэалагічным дыскурсе і ўнёску праваслаўных багасловаў у навуковы дыялог працягваецца матэрыялам, прысвечаным значнай фігуры заходнееўрапейскага праваслаўнага мадэрнізму Элізабэце Бэр-Сіжэль, аўтару кнігі «Служэнне жанчыны ў Царкве», прыхільніцы жаночага раўнапраўя ў царкоўным жыцці і ідэі жаночага святарства ў Праваслаўнай Царкве.

Змест нумара дапаўняецца разгорнутым аповедам пра жыццё і жывы прыклад веры Маці Марыі (Елізаветы Піленка), праваслаўнай святой, маці і манахіні, якая нарадзілася ў Рызе, вырасла ў Пецярбургу, а загінула ў нямецкім канцэнтрацыйным лагеры Равенсбрук у 1943 г.

Традыцыйная рубрыка «Фокус» засяроджваецца на сужэнскім саюзе жанчыны з праваслаўным святаром, аналізуючы адметнасці, якімі характарызуецца ўнутрысямейны ўклад такой пары, і скіроўваючы ўвагу на стаўленне да гэтай з’явы з боку грамадства.

Праваслаўе натуральным чынам вядзе да аналізу рускай культуры, што ў часопісе ўвасобілася ў крытычных артыкулах, прысвечаных рускай паэтэсе Ане Ахматавай і творчасці Фёдара Дастаеўскага, творы якога, згодна з аўтарам, «праліваюць свет на сэрца праваслаўнай духоўнасці».

Папярэднія нумары часопіса «Жанчыны. Касцёл. Свет» былі прысвечаны пратэстантызму, ісламу і юдаізму.

Абноўлена 06.11.2017 14:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.