Ёлка, якая сёлета ўпрыгожыць ватыканскую плошчу Св. Пятра, прыедзе з Польшчы. Масіўнае дрэва, вышынёй 28 метраў і максімальнай шырынёй па акружнасці каля 10 метраў, прывязуць з Элцкай дыяцэзіі. Яно будзе высечана Службай дзяржаўных лясоў краіны і дастаўлена праз Еўропу ў Ватыкан.
Упрыгожаць ёлку вырабы хворых дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў анкалагічных аддзяленнях італьянскіх клінік.
Ёлка з Польшчы будзе пастаўлена на плошчы Св. Пятра ў другі раз. У 1997 г. яе прывезлі з Закапанэ, дзякуючы такім чынам за чарговую пілігрымку Яна Паўла ІІ на радзіму.
У гэтым годзе традыцыйную стаенку Божага Нараджэння падрыхтуе бэнэдыктынскае абацтва ў Монтэвэрджынэ, у рэгіёне Кампанія, на поўдні Італіі.
7 снежня раніцай польская дэлегацыя, прадстаўнікі рэгіёну Кампанія і маленькія творцы будуць прыняты на аўдыенцыі папам Францішкам. У той жа дзень вечарам пройдзе цырымонія ўрачыстага адкрыцця ёлкі. Святочная кампазіцыя на галоўнай ватыканскай плошчы застанецца да 7 студзеня, да ўрачыстасці Хросту Пана, якой завяршаецца літургічны перыяд Божага Нараджэння.