Мець сілу і мужнасць, каб не падпарадкоўвацца слепа нябачнай руцэ рынку — аб гэтым заклікаў Святы Айцец студэнтаў факультэта эканомікі французскага Інстытута Шартро — навучальнай установы Ордэна картузаў, якая знаходзіцца ў Ліёне. Папа прыняў іх на аўдыенцыі 19 кастрычніка ў Клементыйскай зале ватыканскага Апостальскага палаца.
Пантыфік заклікаў сваіх гасцей ужо падчас вучобы, а таксама ў будучай прафесійнай дзейнасці заставацца свабоднымі ад чараў грошай — няволі, у якую трапляюць тыя, хто робіць з іх культ. Такім чынам, каб працаваць у сферы камерцыі і міжнародных фінансаў, важная не толькі акадэмічная фармацыя, але таксама чалавечая, філасофская і духоўная, лічыць Святы Айцец.
Папа Францішак пажадаў студэнтам станавіцца абаронцамі роўнасці паміж людзьмі і спрыяць ёй, быць будаўнікамі справядлівага і належнага кіравання «нашым супольным домам, якім з’яўляецца свет», а таксама мець здольнасць самім «прымаць рашэнні адносна сваёй будучыні».
Папа заклікаў маладых людзей прысвячаць час і сродкі на ўмацаванне братэрства, узвядзенне мастоў паміж людзьмі, рабіць унёсак у будаванне больш справядлівага і гуманнага грамадства. Для гэтага неабходна заставацца ў еднасці з Богам з дапамогай малітвы, падкрэсліў Святы Айцец.