Пасланне папы Францішка на Сусветны дзень камунікацыі ў 2018 годзе будзе прысвечана фэйкавым навінам.
Як паведамляе Christian Today, 29 верасня ў сваім афіцыйным Твітары Пантыфік абвясціў тэму чарговага Сусветнага дня камунікацый, які пройдзе 13 мая 2018 года: «Праўда зробіць вас свабоднымі (Ян 8, 32). Фальшывыя навіны і журналістыка ў імя міру». Папскае пасланне пад такім жа тытулам будзе апублікавана 24 студзеня, ва ўспамін св. Францішка Сальскага, заступніка журналістаў.
Папскі сакратарыят па справах камунікацый патлумачыў, што ў гэтым пасланні «Касцёл хоча прапанаваць разважанне аб прычынах, логіцы і наступствах дэзінфармацыі ў СМІ і дапамагчы ў прасоўванні прафесійнай журналістыкі, якая заўсёды шукае праўду, і, адпаведна, журналістыкі міру, якая садзейнічае ўзаемаразуменню паміж людзьмі».
У сакратарыяце патлумачылі, што пад «фальшывымі навінамі» маецца на ўвазе «неабгрунтаваная інфармацыя, якая спрыяе фарміраванню і развіццю моцнай палярызацыі меркаванняў». «Гэта звязана са скажэннем фактаў, якія часта ўводзяць чытачоў у зман, і з магчымымі наступствамі на ўзроўні індывідуальных і калектыўных паводзін», — удакладнілі ў папскім ведамстве.