«Сёння і з намі Езус жадае далей будаваць свой Касцёл, гэты дом на трывалым падмурку, але ў якім ёсць таксама расколіны і які трэба ўвесь час аднаўляць», — адзначыў папа Францішак 27 жніўня падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра.
Па традыцыі Пантыфік распачаў з разважання над тэкстам Евангелля гэтай нядзелі (Мц 16, 13–20), у якім апавядаецца пра ключавы момант на шляху Езуса з Ягонымі вучнямі: момант, калі Ён жадае пераканацца, да якой ступені яны вераць у Яго.
Тады «на вуснах Сымона Пятра з’яўляюцца словы, ... якія не паходзяць з яго натуральных здольнасцяў. ...Яны былі натхнёныя Нябесным Айцом, які аб’явіў першаму з Дванаццаці сапраўдную сутнасць Езуса: Ён — Месія, Сын, пасланы Богам, каб збавіць чалавецтва. І з гэтага адказу Езус разумее, што дзякуючы дадзенай Айцом веры ў Яго ёсць надзейны падмурак, на якім Ён можа будаваць сваю супольнасць, свой Касцёл. Таму Ён кажа Сымону: “Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой”».
«Сёння і з намі Езус жадае далей будаваць свой Касцёл, гэты дом на трывалым падмурку, але ў якім ёсць таксама расколіны і які трэба ўвесь час аднаўляць. Мы, вядома, не адчуваем сябе скалою, а толькі маленькімі каменьчыкамі. Аднак ніводзін маленькі каменьчык не можа лічыцца непатрэбным, больш за тое: у руках Езуса нават найменшы каменьчык становіцца каштоўным, таму што Ён яго падымае, глядзіць на яго з вялікай пяшчотай, апрацоўвае яго з дапамогаю свайго Духа і змяшчае на сваім месцы, якое Ён спрадвеку для яго вызначыў і дзе ён можа быць найбольш карысным для ўсяго будынку», — сцвердзіў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што «Езус жадаў, каб у Ягоным Касцёле існаваў таксама бачны цэнтр адзінства ў Пятры (таксама і ён — гэта не вялікі камень, а маленькі каменьчык, але, узяты Езусам, становіцца цэнтрам адзінства), у Пятры і ў тых, хто становяцца ягонымі наступнікамі ў гэтай адказнасці першынства, якімі з самага пачатку лічыліся біскупы Рыма: горада, у якім Пётр і Павел далі сведчанне, праліўшы сваю кроў».