Пошук

10.08.2017 11:03   deon.pl / Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Дзяржаўны Сакратар папы Францішка кардынал П’етро Паралін 9 жніўня ў інтэрв’ю для італьянскага выдання Corriere della Sera адзначыў, што падчас свайго візіту ў Расію нагадае аб прыярытэце міру.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што, калі нічога не зменіцца ў праграме, то падчас свайго візіту ў Расію 20-24 жніўня ён сустрэнецца з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.

«У гэты гістарычны момант, калі мы назіраем узрастанне напружанасці і канфліктаў у розных частках свету, мір для папы Францішка і для мяне асабіста з’яўляецца безумоўным прыярытэтам», — адзначыў ватыканскі іерарх, а таксама запэўніў, што Апостальская Сталіца асабліва зацікаўлена ўсходняй часткай Еўропы, якая «павінна адыграць ролю ў імкненні да стабілізацыі кантынента і большага адзінства, уключаючы адносіны паміж Усходам і Захадам».

Кардынал Паралін выказаў перакананне, што варта выкарыстоўваць кожную нагоду, каб «заахвочваць да ўзаемнай павагі, дыялогу, а таксама супрацоўніцтва ў перспектыве ўмацавання міру».

Іерарх дадаў, што Касцёл заўсёды будзе заклікаць усіх кіраўнікоў на нашай планеце «не ставіць нацыянальныя і лакальныя інтарэсы вышэй за супольнае дабро, а таксама да пашаны міжнароднага закона». «Не закона моцы, а моцы закона», — падкрэсліў кардынал.

На пытанне пра тое, ці занепакоены Ватыкан узрастаючым напружаннем паміж Расіяй і ЗША, іерарх выказаў надзею, што абодва бакі змогуць дзейнічаць з належнай адказнасцю, каб пазбегнуць эскалацыі.

Кардынал Паралін патлумачыў, што яго візіт у Маскву не мае мэты падтрыхтаваць падарожжа папы Францішка ў Расію. «Але я хачу, каб з Божай дапамогай ён мог унесці пэўны ўклад таксама і ў гэтым кірунку», — адзначыў ватыканскі іерарх.

Абноўлена 25.08.2017 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа