6 жніўня, у свята Перамянення Пана, жыхары Рыма і госці Вечнага горада сабраліся на плошчы Святога Пятра, каб разам з папам Францішкам памаліцца «Анёл Панскі».
«Узыходжанне вучняў на гару Табор прымушае нас задумацца над тым, наколькі важна адарвацца ад рэчаў гэтага свету, каб прайсці шлях угору і сузіраць Езуса, — адзначыў Святы Айцец — Гаворка ідзе пра тое, каб мы ўважліва і ў малітве слухалі Хрыста, умілаванага Сына Айца, знаходзячы час на малітву, што дазваляе паслухмяна і з радасцю прымаць Божае Слова. У гэтым духоўным узыходжанні, у гэтым адрыве ад рэчаў гэтага свету мы пакліканыя адшукаць супакой і адраджэнне ў цішыні разважання над Евангеллем, чытання Бібліі, што вядзе да мэты, поўнай прыгажосці, бляску і радасці. І калі мы пабудзем так, з Бібліяй у руках, у цішыні, пачнем адчуваць гэтую ўнутраную прыгажосць, гэтую радасць, якую Божае слова нараджае ў нас».
«Перажыўшы цудоўную падзею Перамянення, вучні сышлі з гары з вачыма і з сэрцамі, перамененымі сустрэчай з Панам. Гэта шлях, які можам прайсці таксама і мы, — нагадаў Пантыфік. — Перамененыя прысутнасцю Хрыста і полымем Ягонага слова, мы будзем бачным знакам жыватворчай любові Бога для ўсіх нашых братоў, асабліва церпячых, самотных і пакінутых, для хворых і для вялікай колькасці мужчынаў і жанчын, якія ў розных частках свету церпяць прыніжэнне ад несправядлівасці, злоўжывання ўладаю і насілля».
На заканчэнне малітвы папа Францішак заклікаў заўсёды ўзірацца ў Марыю: «Няхай нашая Маці і Маці Божая ласкава дапаможа нам жыць у адпаведнасці з Божым словам, каб Хрыстус стаў Святлом і Кіраўніком усяго нашага жыцця».