27 верасня 2017 г. папа Францішак аб’явіць з плошчы св. Пятра ў Ватыкане аб запуску маштабнай кампаніі каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Caritas internationalis пад назвай «Далучымся да падарожжа« (Condividiamo il viaggio).
Мэта ініцыятывы — пашыраць «культуру сустрэчы» ў родных для мігрантаў супольнасцях і ў тых, у якіх яны апынаюцца падчас сваіх вандровак і ў якіх вырашаюць застацца.
Філіпінскі кардынал Луіс Антоніа Тагле, кіраўнік Caritas internationalis, у лісце з нагоды блізкага старту праекта, запрасіў «парафіі, дыяцэзіяльныя і нацыянальныя арганізацыі далучыцца да папы Францішка, запусціўшы ў той жа дзень сусветную кампанію ў сваіх краінах». Іерарх выказаў спадзяванне, што такім чынам атрымаецца «рассеяць страх і зразумець, чаму ў гэты гістарычны перыяд так шмат людзей пакідаюць свае дамы».
«Мы хочам заахвоціць супольнасці да пабудовы адносін з бежанцамі і мігрантамі. Хочам запаліць святло і асвятліць дарогу. Міграцыя — гэта вельмі старадаўняя гісторыя, аднак нашая кампанія спадзяецца дапамагчы супольнасцям убачыць яе новымі вачыма і адкрытым сэрцам», — напісаў пурпурат.
Яшчэ падчас Генеральнай асамблеі ў 2015 г. «мы вырашылі, што павінны аб’яднаць нашыя сумесныя намаганні праз сусветную кампанію, бо толькі дзякуючы з’яднанай канфедэрацыі арганізацый, якія падтрымліваюць адна адну, мы атрымаем рэальную моц для таго, каб змяніць стан рэчаў», — гаворыцца ў лісце.
«Каталіцкі Касцёл закліканы практыкаваць Божую гасціннасць у адносінах да мігрантаў і бежанцаў. Аднак мы павінны памятаць, што ніводзін чалавек і ніводная краіна не з’яўляюцца прымаючым бокам. Надышоў момант, каб усе ўзнавілі глыбокую біблійную праўду, што гаспадаром, які прымае, з’яўляецца Бог. Мы павінны таксама памятаць, што, адкрываючы свае сэрцы для мігрантаў і бежанцаў, мы прымаем самога Езуса», — адзначыў кіраўнік Caritas internationalis, запрашаючы далучыцца да ўдзелу ў кампаніі.