Пошук

05.04.2017 15:55  

4 красавіка Кангрэгацыя Веравучэння скіравала спецыяльнае пасланне да біскупаў, у якім тлумачыцца сітуацыя вакол цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства вернікаў, якія чэрпаюць з паслугі святароў з Брацтва св. Пія Х, лефебрыстаў.

У пасланні нагадваецца, што ўжо на працягу некаторага часу адбываюцца рознага роду нарады і іншыя ініцыятывы, з мэтай прывесці Брацтва да поўных зносін з Касцёлам. Напрыклад, нядаўна Святы Айцец даў магчымасць усім святарам вышэйзгаданай супольнасці правамерна спавядаць, каб забяспечыць сапраўднасць і законнасць сакрамэнту і развеяць асцярогі з боку вернікаў.

З пункту гледжання той жа душпастырскай перспектывы, імкнучыся выключыць цяжкасці сумлення вернікаў, нягледзячы на трываючую сітуацыю кананічнай нелігітымнасці, у якой у цяперашні час знаходзіцца Брацтва св. Пія X, Пантыфік, па прапанове Кангрэгацыі Веравучэння і Папскай камісіі Ecclesia Dei, вырашыў дазволіць ардынарыям удзяляць дазвол на цэлебрацыю сакрамэнту сужэнства вернікам, якія знаходзяцца пад душпастырскай апекай Брацтва.

У пасланні адзначаецца, што там, дзе гэта магчыма, дэлегацыя ардынарыя павінна ўдзяляцца святару дыяцэзіі або іншаму святару з урэгуляваным прававым статусам, каб ён прыняў згоду бакоў падчас сакрамэнтальнага абраду, які ў літургіі да рэформы Другога Ватыканскага Сабору (Vetus ordo) адбываецца на пачатку святой Імшы. Сама Эўхарыстыя можа цэлебравацца святаром Брацтва св. Пія Х.

Там, дзе гэта немагчыма, ці там, дзе няма святара дыяцэзіі, які б мог прыняць згоду бакоў, ардынарый можа даць адпаведны дазвол непасрэдна святару Брацтва, які затым будзе цэлебраваць св. Імшу, папярэджваючы яго пра абавязак пільна даставіць у дыяцэзіяльную курыю дакументацыю цэлебрацыі сакрамэнту.

У дакуменце, падпісаным прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння кардыналам Герхардам Людвігам Мюлерам і яе сакратаром арцыбіскупам Гвіда Поца, гучыць спадзяванне, што гэтае рашэнне дапаможа ліквідаваць цяжкасці сумлення вернікаў, якія чэрпаюць з паслугі святарскага Брацтва, і сумненні ў дачыненні да сапраўднасці сакрамэнту сужэнства. Прадстаўнікі кангрэгацыі спадзяюцца таксама, што дадзенае рашэнне паскорыць шлях поўнага ўрэгулявання інстытуцыйнага статусу лефебрыстаў.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

Абноўлена 03.03.2018 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа