Арцыбіскуп Іван Юркавіч, які прадстаўляе голас Святога Пасаду ў Аддзяленні ААН у Жэневе, выступіў з прамовай пра Сірыю. Іерарх падкрэсліў, што шасцігадовы канфлікт — не што іншае, як «бессэнсоўная разня».
Звяртаючыся да ўдзельнікаў 34-й сесіі Рады ААН па правах чалавека, арцыбіскуп Юркавіч адзначыў катастрафічную сітуацыю ў Сірыі, дзе насілле прывяло да смерці і раненняў соцень тысяч чалавек, да разбурэння інфраструктур, дамоў і школ, бальніц і культавых будынкаў. Разбураны цэлыя гарады, насельніцтва пакутуе ад голаду і недахопу медыцынскай дапамогі.
«Святы Пасад, — заявіў ватыканскі прэлат, — заклікае міжнароднае згуртаванне паглядзець на сітуацыю з пункту гледжання ахвяраў. Шэсць гадоў бессэнсоўнай разні яшчэ раз паказваюць, наколькі ілюзорнае і марнае ваеннае вырашэнне спрэчак».
Адзіным выйсцем іерарх назваў дыялог на ўсіх узроўнях і пры гэтым падкрэсліў, што для Сірыі «не існуе ніякага ваеннага рашэння». Нельга падпарадкоўвацца логіцы насілля, якое спараджае чарговае насілле, падкрэсліў прадстаўнік Ватыкана. Самую жорсткую цану, як адзначыў іерарх, за ўсё гэта плацяць дзеці, многія з якіх «не ведаюць іншага жыцця, акрамя вайны», якія нараджаюцца пад бомбамі і паддаюцца велізарнаму псіхалагічнаму ціску.
Святы Пасад ізноў заклікае міжнароднае згуртаванне зрабіць усё дзеля «міру, прабачэння і прымірэння». Шасцігадовы канфлікт — гэта сведчанне краху міжнароднай палітыкі ў яе цэлым, бо сітуацыя ў Сірыі — гэта «наша агульная адказнасць, адказнасць сям’і нацый».
Арцыбіскуп Юркавіч заклікаў абараняць сірыйскі народ незалежна ад рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці, бо ўсе грамадзяне Сірыі імкнуцца да справядлівасці і міру, неабходных для цэласнага чалавечага развіцця.
Паводле sib-catholic.ru
(VGr)