З 2017 года падчас традыцыйных сустрэч з біскупамі ў рамках візітаў аd limina Apostolorum не будзе афіцыйных прамоў Францішка. Ён будзе размаўляць з іерархамі спантанна за зачыненымі дзвярыма. Гэта пацвердзіў у інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву Kathpress кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк.
«Больш не будзе напісаных загадзя папскіх прамоў», — сказаў ён.
Амерыканскі журналіст адзначыў, што ў сваіх прамовах падчас аd limina папа Францішак часта крытычна выказваўся аб становішчы Каталіцкага Касцёла ў канкрэтных краінах. Не раз ён не чытаў іх, проста перадаючы біскупам тэкст, замест гэтага прамаўляў спантанна. Пісьмовы тэкст потым публікаваўся Залай Друку.
«Не трэба шукаць палітычнага кантэксту ў зменах»
«Папа Францішак проста аддае перавагу гутарковай манеры выказвання, калі размаўляе з біскупамі», — сказаў Бёрк, тлумачачы частыя адступленні Папы ад тэксту раней напісаных прамоў і далейшую іх публікацыю ватыканскай прэс-службай. Ён дадаў, што не варта шукаць у кожнай змене палітычнага падтэксту, як гэта адбываецца на некаторых блогах у інтэрнэце.
Паводле традыцыі, у межах візіту аd limina Apostolorum біскупы з усяго свету прыбываюць у Рым. Раней гэта адбывалася кожныя пяць гадоў, падчас апошніх пантыфікатаў радзей. Іерархі прадстаўляюць Святому Айцу сітуацыю ў сваіх дыяцэзіях і сустракаюцца з кіраўніцтвам розных дыкастэрый Рымскай курыі.
Апошні візіт аd limina Apostolorum Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбыўся сем гадоў таму, 11-17 снежня 2009 г.