Пошук

21.09.2026 11:36   Віктар Уладзіміраў / Vatican News RU / Пераклад: catholic.by

Фота: www.vaticannews.va

18 верасня Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі Дыяцэзіяльнай асамблеі Рыма ў Базыліцы Святога Яна на Латэранскім узгорку. Гаворачы пра будучыню дыяцэзіі, Папа прапанаваў асэнсаваць ужо пройдзены шлях: убачыць, што прыносіць плён, што перастала працаваць і што патрабуе зменаў.

Святы Айцец пачаў зварот з евангельскага эпізоду Пасхі. Каля пустой магілы Хрыстус пытаецца ў Марыі Магдалены: «Чаму ты плачаш? Каго ты шукаеш?» — а пазнае яна Яго тады, калі чуе сваё імя (Ян 20,15). Гэтыя пытанні і момант пазнання Леў XIV прапанаваў зрабіць арыенцірам для Касцёла Рыма: яны адлюстроўваюць і цяперашні стан горада, дзе побач з актыўным касцёльным жыццём сустракаюцца прыкметы разгубленасці, стомленасці і пошука надзеі.

У парафіях, рухах і супольнасцях нямала ініцыятыў, але часам іх становіцца так шмат, што губляецца галоўнае.

Таму наступным этапам Папа назваў уважлівую душпастырскую праверку ў святле Духа Святога: што сапраўды вядзе людзей да Хрыста, што дапамагае ствараць жывыя супольнасці і што адказвае на рэальныя праблемы горада?

Леў XIV вылучыў чатыры напрамкі:

  • першы — сустрэча з Хрыстом і дапамога іншым у гэтай сустрэчы;
  • другі — стварэнне супольнасцяў, дзе чалавека ведаюць, прымаюць і слухаюць, асабліва моладзь;
  • трэці — удзел у самім жыцці Рыма, з яго ранамі, спадзяваннямі і ўразлівасцю;
  • чацвёрты — фармаванне спелай веры, здольнай апрануцца ў адказную службу.

Ключавым словам гэтага шляху Папа назваў пытанне «чаму». Чаму мы робім тое ці іншае? Якую евангельскую мэту пераследуем? Чаму адны ініцыятывы аб'ядноўваюць людзей, а другія застаюцца на перыферыі?

Адказы на гэтая пытанні дапамогуць зразумець, што захоўваць, што развіваць, а ад чаго адмовіцца. Размова ідзе не пра ўніфікацыю ўсіх парафій, а пра агульны стыль душпастырскага служэння. Прыярытэты застаюцца ў руках саміх супольнасцяў, перш за ўсё ў сферы катэхізацыі, працы з моладдзю, душапастырства сем'яў, дабрачыннасці і пакліканняў.

Практычны прыклад такога падыходу Леў XIV убачыў у жыцці айца Луіджы Дзі Л'егра, які служыў Касцёлу ў Рыме і памёр у 1997 годзе: перш за ўсё ён імкнуўся ўбачыць і пачуць рэчаіснасць. Папа паведаміў пра пачатак дыяцэзіяльнага працэсу па вывучэнні яго жыцця, цнотаў і рэпутацыі святасці.

Леў XIV заклікаў святароў Рыма слухаць перш, чым адказваць, і распазнаваць перш, чым прымаць рашэнні. Прэзбітэр не павінен браць на сябе ўсё, яго задача — раскрываць дары іншых, фармаваць свядомую адказнасць свецкіх, ствараць еднасць. Спелая парафія не можа залежаць ад аднаго чалавека. У гэтым кантэксце Папа заклікаў ператварыць касцёльныя прэфектуры сталіцы ў прасторы святарскага брацтва, дзе можна адкрыта гаварыць і пра ўласныя цяжкасці.

У канцы выступлення Святы Айцец заклікаў духавенства не баяцца зноў пачуць сваё імя — як Марыя Магдалена ў Пасху. Касцёл Рыма павінен уважліва ўглядацца ў жыццё горада, каб распазнаваць у ім знакі Божага Валадарства і заклік Духа Святога, што таксама дапаможа лепш падрыхтавацца да Юбілею Адкуплення 2033 года.

Абноўлена 21.09.2026 11:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.