
16 сакавіка ў Ватыкане была абнародаваная праграма падарожжа Папы Льва XIV у чатыры афрыканскія краіны: Алжыр, Камерун, Анголу і Экватарыяльную Гвінею.
Падарожжа Святога Айца на афрыканскі кантынент адбудзецца з 13 па 23 красавіка 2026 года. Першым пунктам пілігрымкі стане Алжыр.
Візіт у гэту краіну пройдзе пад дэвізам «Супакой вам» .
Шляхам святога Аўгустына
Пантыфік будзе знаходзіцца ў Алжыры з 13 па 15 красавіка. Пасля прылёту ў сталічны аэрапорт, згодна з пратаколам афіцыйнага візіту, ён ушануе памяць загінулых за незалежнасць краіны каля Помніка славы і мучаніцтва.
Папа сустрэнецца з прэзідэнтам і звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.
У другой палове дня ён наведае Мячэць Алжыра. Пасля гэтага Леў XIV здзейсніць прыватны візіт у Цэнтр гасціннасці і сяброўства, у якім служаць місіянеркі аўгустынкі, і сустрэнецца з алжырскай супольнасцю ў базыліцы Маці Божай Афрыканскай.
14 красавіка Папа здзейсніць пералёт у горад Анаба – старажытны Гіпон, дзе наведае археалагічны комплекс, каталіцкі дом састарэлых і правядзе прыватную сустрэчу з аўгустынцамі.
Кульмінацыяй візіту стане святая Імша ў базыліцы святога Аўгустына, пасля якой ён вернецца ў сталіцу — Алжыр.
Візіт пад знакам адзінства
15 красавіка пасля развітальнай цырымоніі ў алжырскім аэрапорце Пантыфік адправіцца самалётам у Камерун.
Візіт у гэту краіну пройдзе пад дэвізам “In Illo uno unum” («У Ім адзіным мы адзіныя»), які з’яўляецца яго біскупскім дэвізам.
У Яўндэ Папа сустрэнецца з прэзідэнтам, звернецца да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, наведае прытулак для сірот і правядзе сустрэчу з камерунскімі біскупамі.
На наступны дзень, 16 красавіка, Святы Айцец наведае Баменду. У катэдральным касцёле гэтага горада ён прыме ўдзел у сустрэчы ў абарону міру разам з мясцовай супольнасцю, пасля якой узначаліць цэлебрацыю святой Імшы на тэрыторыі мясцовага аэрапорта. Пасля літургіі Леў XIV вернецца ў Яўндэ.
17 красавіка Святы Айцец адправіцца ў горад Дуала. Там ён правядзе святую Імшу на мясцовым стадыёне і здзейсніць прыватны візіт у каталіцкі шпіталь. Вярнуўшыся ў сталіцу, Папа сустрэнецца з універсітэцкімі выкладчыкамі ў Каталіцкім універсітэце Цэнтральнай Афрыкі.
«Пілігрым надзеі, прымірэння і міру»
18 красавіка раніцай Леў XIV ўзначаліць святую Імшу на тэрыторыі аэрапорта ў Яўндэ і пасля цырымоніі развітання адправіцца ў наступны пункт свайго падарожжа — Анголу.
Візіт у гэту краіну пройдзе пад дэвізам «Пілігрым надзеі, прымірэння і міру».
Па прылёце ў аэрапорт Луанды Святы Айцец адправіцца на сустрэчу з прэзідэнтам і прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Дзень завершыцца яго прыватнай сустрэчай з ангольскімі біскупамі.
Раніцай 19 красавіка Папа узначаліць святую Імшу, пасля чаго адправіцца верталётам у горад Мушыма, дзе правядзе ружанцовую малітву на плошчы перад мясцовым марыйным санктуарыем.
Увечары ён вернецца ў сталіцу.
20 красавіка Леў XIV здзейсніць візіт у горад Саўрыма. Ён наведае дом састарэлых, узначаліць цэлебрацыю святой Імшы і вернецца ў Луанду. У сталічнай парафіі Маці Божай Фацімскай Папа сустрэнецца з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі душпастырскімі работнікамі.
Хрыстус, святло Экватарыяльнай Гвінеі
21 красавіка пасля развітальнай цырымоніі Святы Айцец адправіцца з Анголы ў Экватарыяльную Гвінею.
Пілігрымка пройдзе пад дэвізам «Хрыстус, святло Экватарыяльнай Гвінеі, у кірунку будучыні надзеі».
У сталіцы, горадзе Малаба, Пантыфік здзейсніць ветлівы візіт да прэзідэнта, звернецца да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, сустрэнецца з дзеячамі культуры, наведае мясцовы псіхіятрычны шпіталь і правядзе прыватную сустрэчу з біскупамі.
22 красавіка Леў XIV адправіцца спачатку ў горад Мангома, дзе правядзе святую Імшу ў базыліцы Беззаганнага Зачацця і наведае школу імя Папы Францішка, а потым — у горад Бата, дзе здзейсніць прыватны візіт у мясцовую турму, памоліцца каля помніка ахвярам выбуху на ваеннай базе ў 2021 годзе, сустрэнецца з моладдзю і сем’ямі. Увечары Папа вернецца ў Малабу.
У апошні дзень падарожжа, 23 красавіка, Пантыфік узначаліць святую Імшу на стадыёне ў Малабе, а пасля цырымоніі развітання ў сталічным аэрапорце вылеціць у кірунку Рыма.







