17 кастрычніка ў межах візіту ў Рым Страшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведалі Папскую Касцёльную акадэмію ў Рыме, якая рыхтуе дыпламатаў для працы на дыпламатычных пляцоўках ва ўсім свеце.
Раней у гэтый навучальнай установе праходзіў навучанне святар Віцебскай дыяцэзіі, мансеньёр Аляксандр Рагіня, які цяпер служыць сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі. Сёння ў ёй навучаецца ксёндз Раман Суша з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Рэктар акадэміі арцыбіскуп Сальваторэ Пэнакьё, які цёпла прыняў беларускіх біскупаў, ведае Беларусь, таму што неаднаразова наведваў нашу краіну з прыватнымі візітамі, а затым у 2016-2023 гадах быў апостальскім нунцыем у суседняй Польшчы.
Іерархі абмеркавалі пытанне далейшага супрацоўніцтва Касцёла ў Беларусі з Папскай Касцёльнай акадэміяй.
Прагучала прапанова, каб высылаць большую колькасць святароў з Беларусі, паводле патрэбаў Касцёла, на навучанне ў ватыканскай «дыпламатычнай школе». Гэта можа паспрыяць большай вядомасці Беларусі на міжнароднай арэне, таму што звычайна касцёльныя дыпламаты знаходзяцца на сваіх пляцоўках 4 гады, а затым змяняюцца.
Напрыканцы сустрэчы пастыры Касцёла ў Беларусі ўручылі арцыбіскупу Пэнакьё памятны медаль Peregrinantes in spem Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прысвечаны юбілейнаму 2025 году.
Таксама ў гэты дзень беларускія іерархі сустрэліся са спецыяльным пасланнікам Папы Льва XIV на ўрачыстасці 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі кардыналам Клаўдыё Гуджэроці, Прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Біскупы запэўнілі яго ў тым, што «Касцёл у Беларусі вельмі чакае прадстаўніка Папы Льва XIV, які нам добра вядомы».

Іерархі абмеркавалі мерапрыемствы, якія адбудуцца з 25 па 26 кастрычніка ў Пінску і Брэсце, на якіх будзе прысутнічаць пасланнік Святога Айца.
Асаблівая ўвага была нададзена Сустрэчы моладзі Пінскай дыяцэзіі, якая пройдзе ў нядзелю 26 кастрычніка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце.
Кардынал узгадаў, што падчас свайго служэння Апостальскім нунцыем ў Беларусі ён выказваў вялікую зацікаўленасць душпастырскай працай з моладзю і стараўся прысутнічаць на ўсіх агульнабеларускіх і дыяцэзіяльных мерапрыемствах з удзелам моладзі.
Арцыбіскуп Станеўскі і біскуп Яшэўскі яшчэ раз павіншавалі кардынала Гуджэроці з 70-годдзем і ўручылі яму афіцыйнае віншаванне, а таксама медаль «пілігрыма надзеі».







