Пошук

18.10.2024 12:41   Vatican News BY
Паоло Руфіні. Фота: Vatican News

Удзельнікі Сіноду Біскупаў выказвалі пажаданне, каб Рымская Курыя больш кансультавалася з мясцовымі Касцёламі пры падрыхтоўцы дакументаў, адзначалася падчас сінадальнага брыфінгу, які прайшоў 17 кастрычніка ў Ватыкане.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня Камісіі па інфармацыі Асамблеі Паоло Руфіні паінфармаваў журналістаў аб тым, што ўдзельнікі Сіноду абмяркоўвалі ўзаемасувязі паміж сінадальнасцю і прыматам, а таксама падкрэслівалі важнасць унёску Усходніх Цэркваў у гэты працэс.

Гаворка не ішла пра тое, каб даваць канферэнцыям біскупаў магчымасць вызначаць новыя догматы ці абвяшчаць новыя праўды веры, але пра душпастырскае вымярэнне, звязанае з навучаннем адзінай веры Касцёла, інкультураванай у канкрэтны кантэкст, у адпаведнасці з выклікамі і патрэбамі пэўных народаў і ў еднасці з усім Касцёлам.

На Сінодзе Біскупаў было агучана пажаданне адносна таго, каб Рымская Курыя больш кансультавалася з мясцовымі Касцёламі пры падрыхтоўцы дакументаў, а тым, хто працуе ў дыкатэрыях Святога Пасаду, было прапанавана часцей наведваць малыя супольнасці і розныя дыяцэзіі.

Удзельнікі Сіноду пажадалі, каб у Выніковым дакуменце была адзначана важнасць Эўхарыстыі, бо сінадальны Касцёл можа развівацца толькі дзякуючы Езусу і святлу Святога Духа, а ў адваротным выпадку ён становіцца самарэферэнтным.

Гаворка ішла таксама пра тое, як «укараніць досвед Сінода ў мясцовых Касцёлах, у прыватнасці — свабоду размаўляць адно з адным без страху». У сувязі з гэтым адзначалася, што Касцёлу патрэбна выходзіць у «ветраныя месцы», дзе вее Дух, не хаваючыся ў бяспечных прытулках.

Месцамі сінадальнасці павінны стаць «скрыжаванні» — месцы сустрэчы Евангелля з канкрэтнымі праблемамі і патрэбамі.

Удзельнікі Сіноду Біскупаў абмяркоўвалі пытанні злучэння з парафіямі і епіскапатамі «віртуальных сетак», такія як Talitha Kum, якая займаецца дапамогай ахвярам гандлю людзьмі. Удзельнікі сінадальнага сходу надавалі таксама вялікую ўвагу пытаннямі міграцыі. Прагучала прапанова правесці «касцёльную асамблею Міжземнамор’я, каб мець магчымасць непасрэдна пачуць голас мігрантаў».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця