Пошук

09.08.2024 11:28   Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота: Рinterest

8 жніўня у Ватыкане была агучана тэма 58-а Сусветнага дня міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2025 года.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у якасці тэмы Святы Айцец выбраў словы: «Адпусці нам правіны нашы: адары нас Тваім супакоем». На Дзень міру Папа Францішак традыцыйна прысвеціць адмысловае пасланне.

Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека выдала паведамленне, у якім патлумачыла, што выбраная тэма «сугучная біблійнаму і касцёльнаму сэнсу Юбілейнага года і натхнёная, у прыватнасці, энцыклікамі Laudato si’ і Fratelli tutti, у першую чаргу паняццямі надзеі і прабачэння, сэрцам Юбілею: заклікам да навяртання, скіраваным не на асуджэнне, а на прымірэнне і ўсталяванне міру».

«Зыходзячы з рэальнасці канфліктаў і сацыяльных грахоў, ад якіх сёння пакутуе чалавецтва, абапіраючыся на надзею, уласцівую юбілейнай традыцыі адпушчэння грахоў/спісання даўгоў і ў святле рэфлексіі Айцоў Касцёла, выяўляюцца канкрэтныя напрамкі, якія могуць прывесці да такіх неабходных змен у духоўнай, маральнай, сацыяльнай, эканамічнай, экалагічнай і культурнай сферах», — гаворыцца ў ватыканскім камюніке.

«Толькі на падставе сапраўднага асабістага, грамадскага, міжнароднага навяртання зможа расквітнець сапраўдны мір, які праявіцца не толькі ў вырашэнні канфліктаў, але і ў выглядзе новай рэальнасці, у якой будуць аздараўляюцца раны і прызнавацца годнасць кожнага чалавека», — адзначаецца ў паведамленні ведамства Святога Пасаду.

Абноўлена 09.08.2024 13:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця