27 красавіка з удзелам тысяч вернікаў у базыліцы сятога Пятра ў Ватыкане адбылася святая Імша ў 10-ю гадавіну кананізацыі Папы Яна Паўла ІІ.
Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў кардынал Джаванні Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Гамілію прамовіў кардынал Анджэло Камастры, арцыпрэзбітэр эмэрыт ватыканскай базылікі, які падкрэсліў, што Ян Павел ІІ абараняў мір, сям’ю і чалавечае жыццё.
«Жыццё Яна Паўла ІІ было пастаяннай паслухмянасцю Евангеллю Езуса. Касцёл праз Папу Францішка дзесяць гадоў таму прызнаў святасць Яна Паўла ІІ, і сёння мы радуемся і супольна дзякуем Богу, які няспынна стварае святых», — адзначыў кардынал Камастры. Ён дадаў, што Папа-славянін быў адважным у эпоху страху; перажыўшы вайну, ён заклікаў да міру, падтрымліваў сем’і як найкаштоўнейшы скарб чалавецтва, абараняў годнасць чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці, быў сябрам моладзі і чалавекам, глыбока адданым Марыі.
Сярод канцэлебрантаў быў і польскі кардынал Станіслаў Дзівіш, шматгадовы сакратар Яна Паўла ІІ. Напрыканцы святой Імшы кардынал Дзівіш падзякаваў усім за ўдзел, асабліва кардыналу Рэ, які ўзначаліў цэлебрацыю, і кардыналу Камастры за яго гамілію.
«Хачу падзякаваць кардыналам, арцыбіскупам і біскупам, святарам, кансэкраваным сёстрам і братам і ўсім вернікам, якія прыбылі з Рымскай дыяцэзіі і з многіх краін свету, у тым ліку з Польшчы», — сказаў кардынал Дзівіш. Іерарх адзначыў, што дзякуючы ўрачыстаму адзначэнню 10-годдзя кананізацыі зноў адрадзілася памяць і любоў вернікаў да Папы-славяніна. Пасля заканчэння святой Імшы кардынал Дзівіш правёў малітву перад грабніцай святога Яна Паўла ІІ.