З нагоды 50-годдзя Міжнароднай асацыяцыі садзейнічання вывучэнню кананічнага права Папа Францішак звярнуўся з пасланнем да кананістаў.
Пра гэта паведамляе Польская служба парталу Vatican News.
У тэксце паслання да кананістаў Папа Францішак падкрэслівае неабходнасць захавання прастаты ў абвяшчэнні Евангелля. У той жа час, Святы Айцец заахвочвае пастаянна шукаць новыя шляхі да людзей, бо супольнасць вернікаў жыве ў гісторыі. Гэта датычыцца і прававых пытанняў.
«Можна заставацца кананістам, але ў спосабе мыслення быць без веры», — адзначае Пантыфік і перасцерагае ад такой пазіцыі.
«Усе вымярэнні і структуры Касцёла павінны выконваць пастырскае і місійнае навяртанне, каб даць свету адзінае, у чым ён мае патрэбу: Евангелле міласэрнасці Езуса»,
— падкрэслівае Папа Францішак і дадае, што гэта таксама трэба рэалізаваць у прававым полі.
«Стаць душпастырствам не азначае адмовіцца ад прынцыпаў або прытрымлівацца іх па сваім меркаванні, але нарэшце пераканацца, што пры іх выкарыстанні вернікі знаходзяць у іх прысутнасць міласэрнага Езуса, які не асуджае, але заахвочвае іх больш не грашыць», — піша Пантыфік.
Напрыканцы тэксту Святы Айцец заахвочвае кананістаў: «Усведамляйце сябе прыладамі Божай справядлівасці, заўсёды непарыўна звязанай з міласэрнасцю».