27 ліпеня было абнародавана відэа, у якім Папа Францішак асабіста агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, яна звязаная з правядзеннем Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне.
«Калі я іду ў касцёл у сваім раёне, бачу толькі пажылых людзей. Няўжо Касцёл цяпер — гэта выключна занятак для пажылых», — такое пытанне да Папы гучыць у пачатку відэа. Яго адказ просты:
«Калі Касцёл стане клубам для старых, яму наканавана памерці. <…> Моладзь патрэбна Касцёлу, каб не старэць».
Відэаролік з малітоўнай інтэнцыяй Святога Айца, даручанай усяму Каталіцкаму Касцёлу праз Сусветную малітоўную сетку, у гэтым месяцы быў зроблены ў супрацоўніцтве з Фондам Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне і Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Пантыфік дае адказы маладым людзям з Філіпін, Бразіліі і Кот-д’Івуара. Гэта пытанні без цэнзуры: ці не ператвараецца Касцёл у «справу для пажылых»; чаму тэмай Сусветных дзён моладзі была абрана Марыя; чаго сам Папа чакае ад моладзевага форуму ў Партугаліі?
Адказы пастыра паўсюднага Касцёла вельмі адкрытыя. Ён тлумачыць, што стаўленне Марыі з’яўляецца ўрокам для ўсіх яе аднагодкаў, таму што «як толькі яна даведалася, што стане Маці Божай, не стала рабіць сэлфі ці красавацца», а «перш за ўсё паспяшалася служыць, дапамагаць».
У відэа Папа дзеліцца сваёй марай «убачыць у Лісабоне зерне свету будучыні»: свету, у якім цэнтральнае месца займае любоў у той час, калі «мы знаходзімся ў стане вайны», і радасць, «таму што калі ў нас, хрысціянаў, няма радасці, то мы не заслугоўваем даверу».
«Молімся, каб Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне дапамаглі маладым людзям вырушыць у дарогу і ўласным жыццём сведчыць аб Евангеллі», — агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на жнівень Папа Францішак.