Падчас святой Імшы ў ватыканскай базыліцы святога Пятра, якой 25 мая завяршылася генеральная асамблея Канферэнцыі біскупаў Італіі, кіраўнік італьянскага епіскапату кардынал Матэо Дзупі, арцыбіскуп Балонскі, распавёў пра мірную місію ва Украіне, якую даручыў яму Папа Францішак.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кардынал Дзупі казаў выключна аб асноўнай тэалагічнай ідэі гэтай місіі, не засяроджваючыся ні на якіх канкрэтных кроках.
Іерарх сказаў, што гэта мадэль і мандат Езуса для Касцёла: суправаджаць усіх, «хто адчувае ў сабе крыўду, агрэсію і горыч, адсутнасць надзеі». У гэтым кантэксце кардынал Дзупі нагадаў пра «пакуты, якія ляжаць на душы ўкраінскага народа, што прагне міру, і ўсіх, хто аплаквае людзей, якія не вярнуліся дадому, бо іх паглынула братазабойчая машына вайны».
«Пан заахвочвае нас адправіцца ў шлях, каб зноў сагрэць астылыя сэрцы і абудзіць у іх новую любоў і новую надзею», — сказаў кіраўнік італьянскага епіскапату.
20 мая прэс-сакратар Канферэнцыі біскупаў Італіі паведаміў, што Дзупі пакуль не будзе даваць ніякай інфармацыі аб змесце магчымай мірнай місіі, улічваючы яе асабліва далікатны характар.
67-гадовы іерарх з’яўляецца арцыбіскупам Балонні з 2015 года, год таму быў абраны Старшынёй італьянскага епіскапату. Ён цесна звязаны з Супольнасцю святога Эгідыя, якая неаднаразова выступала ў якасці пасрэдніка ў вырашэнні міжнародных канфліктаў.