Пошук

14.04.2023 14:05   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: ilcentuplo.it

Цэнтр назіранняў за аб’яўленнямі і містычнымі з’явамі, звязанымі з асобай Панны Марыі ў свеце, быў заснаваны пры Папскай міжнароднай Марыйнай акадэміі (PAMI).

Як паведаміла 13 красавіка Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, мэта новага цэнтра ў тым, каб аналізаваць і інтэрпрэтаваць розныя выпадкі Марыяфаніі: аб’яўленняў, слёз, а таксама ўнутраных размоў, стыгматаў і іншых з’яў у свеце, якія працягваюцца або адбыліся раней, але яшчэ чакаюць рашэння касцёльных улад аадносна іх сапраўднасці.

Падтрымка вывучэння і папулярызацыі

«Мэта, якую мы ставім перад сабой, — тлумачыць айцец Стэфано Чэкін OFM, прэзідэнт PAMI, — гэта аказаць канкрэтную падтрымку для вывучэння, аўтэнтыфікацыі і правільнай папулярызацыі гэтых падзей, заўсёды ў адпаведнасці з Настаўніцтвам Касцёла, у згодзе з кампетэнтнымі органамі і правіламі, якія Святы Пасад устанаўлівае ў гэтай справе. Цэнтр назіранняў будзе дзейнічаць сістэматычна, стратэгічна, міждысцыплінарна і кваліфікавана, таксама ў супрацоўніцтве з экспертамі і даследчыкамі, вядомымі дзеячамі навукі і касцёльнымі ўладамі.

Важна ўносіць яснасць, таму што часта меркаваныя пасланні выклікаюць замяшанне, распаўсюджваюць трывожныя апакаліптычныя сцэнары або непасрэдныя абвінавачванні ў адрас Папы і Касцёла. Як магла б Марыя, Маці Касцёла, падарваць яго цэласнасць або пасеяць страх і супраціў: Яна, Маці Міласэрнасці і Каралева Супакою? Такім жа чынам, важна забяспечыць падтрымку ў навучанні, таму што разгляд пэўных спраў патрабуе належнай падрыхтоўкі», — кажа францішканін.

Склад цэнтра

Цэнтр назіранняў складаецца з Кіруючага камітэту і Цэнтральнага навуковага камітэту. Акрамя айца Стэфана Чэкіна і яго сабрата, сакратара PAMI брата Марко Мэндозы OFM, у яго склад уваходзяць прафесар эклезіялогіі і марыялогіі ў розных Папскіх універсітэтах (PUA, PUSC, APRA, Seraphicum) сястра Даніэла дэль Гаўдыё ў ролі дырэктара, а таксама айцец Рафаэле Дзі Муро з Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных, дэкан Папскага тэалагічнага факультэта святога Бонавэнтуры, які кіраваў рэдагаваннем «Слоўніка хрысціянскіх містычных феноменаў» у якасці намесніка дырэктара.

У склад Цэнтральнага навуковага камітэту ўвайшлі айцец Джан Матэо Роджа, місіянер Маці Божай Ла-Салет, член навуковай рады PAMI і прафесар Папскага тэалагічнага факультэта Марыянум, дэкан таго ж універсітэта айцец Дзяніс Куландайсамы з Ордэна слуг Марыі (сэрвітаў), эксперт па марыялогіі айцец Сальваторэ М. Перэлла, таксама сэрвіт, Лучано Рэгала, судырэктар Famiglia Cristiana і Maria con te, а таксама Паоло Канчэлі, юрыст, які спецыялізуецца на абароне ўразлівых асоб ад махлярства.

Нацыянальныя і міжнародныя камісіі

Неўзабаве таксама будуць створаны мясцовыя навуковыя камітэты для ўтварэння аператыўнай сеткі, якая будзе ў стане пашыраць спектр дзеянняў.

Супрацоўнікі Цэнтра назіранняў, які афіцыйна распачынае сваю дзейнасць з першай сесіі ў суботу 15 красавіка ў штаб-кватэры PAMI, дзе яны звычайна будуць працаваць, таксама змогуць сустракацца і працаваць «на месцах», паводле патрэбаў або запытаў аб падтрымцы.

«Для таго, каб дзейнічаць эфектыўна і дакладна, мэта Цэнтра назіранняў заключаецца ў актывізацыі нацыянальных і міжнародных камісій для ацэнкі і вывучэння аб’яўленняў і містычных з’яў, пра якія паведамляецца ў розных рэгіёнах свету, каб развіваць дзейнасць па актуалізацыі і навучанню ў тым, што датычыцца падобных падзей і іх шырокага духоўнага і культурнага значэння; развіваць папулярызатарскую і кансультацыйную дзейнасць, асабліва ў служэнні мясцовым Касцёлам і біскупам, а таксама даследніцкую міждысцыплінарную дзейнасць ў супрацоўніцтве з навуковымі ўстановамі, як свецкімі, так і касцёльнымі, і ажыццяўляць публікацыю праведзеных даследаванняў», — заключае айцец Стэфано Чэкін.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.