12 красавіка ў Ватыкане сабралася група экспертаў з пяці кантынентаў, якія падрыхтуюць працоўны дакумент для першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, якая прызначана на восень.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, працоўны дакумент — Instrumentum Laboris — будзе створаны на падставе справаздач сямі кантынентальных сінадальных асамблей, якія прайшлі ў розных частках свету ў першыя месяцы 2023 года.
Эксперты, якія бяруць актыўны ўдзел у сінадальным працэсе, будуць працаваць у Генеральным сакратарыяце Сіноду Біскупаў да 19 красавіка.
Яны дэталёва прааналізуюць справаздачы, каб вылучыць праблемы і прыярытэты, што стануць прадметам глыбокага аналізу падчас кастрычніцкай асамблеі ў Ватыкане.
Праца будзе адбывацца за зачыненымі дзвярыма. Яна прадугледжвае не толькі дыскусіі, разважанне і абмен меркаваннямі, але таксама штодзённы ўдзел у літургіі і час для супольнай і індывідуальнай малітвы. Пра вынікі сустрэчы будзе паведамлена падчас адмысловай прэс-канферэнцыі, якая пройдзе 20 красавіка ў прэс-службе Святога Пасаду.
У склад групы ўваходзяць Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў кардынал Марыё Грэк і галоўны рэлятар Асамблеі кардынал Жан-Клод Олерыш, а таксама падсакратары Сіноду Біскупаў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін і сястра Наталі Бэкар, арцыбіскуп Цімаці Кастэла з Аўстраліі, біскуп Лусіу Андрыс Муандула з Мазамбіка, біскуп Даніэль Флорэс з ЗША, ксёндз П’еранджэло Секвэры з Італіі, ксёндз П’еро Кода з Італіі, ксёндз Томаш Трафны з Польшчы, айцец Джакамо Коста з Італіі, ксёндз Дарыё Віталі з Італіі, сястра Шызуэ Хірота з Японіі, ксёндз Джузэпэ Бонфратэ з Італіі, прафесар Мірыям Вэйленс з Галандыі, прафесар Ганна Роўлэнс з Вялікабрытаніі, ксёндз Паскуале Буа з Італіі, сястра Мары-Кольбэ Замора з ЗША, Паола Фальіца з Італіі, Цьеры Бонавэнтура з Францыі, а таксама Сьюзан Паскуэ з Аўстраліі і Маўрысіё Лопэс Апарэза з Эквадора, якія далучацца да пасяджэння анлайн.