Пошук

16.02.2023 14:07   Vatican News
Фота: photo.vaticanmedia.va

У сераду 15 лютага на агульнай аўдыенцыі Папы Францішка ў Ватыкане прысутнічаў Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, якія падараваў Святому Айцу тэкст Акафіста да Маці Божай Жыровіцкай.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, паміж Апостальскім візітатарам і Папам адбылася кароткая размова.

«Я перш за ўсё падзякаваў Папу за яго малітву перад іконай Маці Божай Жыровіцкай, якая адбылася 11 студзеня 2023 года. Гэта быў знак для пачатку эстафеты малітвы за Папу і за яго намаганні дзеля міру. Я падарыў Акафіст да Маці Божай Жыровіцкай.

Папа ўсміхнуўся і спытаў, ці гэта тая самая ікона. Я адказаў, што так. Тады ён сказаў: „Працягвайце малітву“, — падзяліўся з ватыканскім СМІ архімандрыт Гаек.

У размове з Vatican News пастыр беларускіх грэка-католікаў пракаментаваў рэзанансную навіну пра пераход Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на новаюліянскі каляндар. Ён патлумачыў, што грэка-каталіцкая супольнасць у Беларусі знаходзіцца сёння на іншым этапе.

«Мы перайшлі на грыгарыянскі каляндар 30 гадоў таму і працягваем гэты шлях. Адзіная толькі парафія ў Полацку прыняла з самага пачатку новаюліянскі каляндар, але гэта быў у большай ступені сімвалічны жэст.

Калі будзе зразумела, што браты ўкраінцы нешта „выйгралі“ ў душпастырскім плане ад гэтага рашэння, трэба будзе разгледзець пытанне, але не ў гэтым годзе», — падкрэсліў святар.

Таксама архімандрыт Сяргей Гаек адзначыў, што сёлета спаўняецца 1160 гадоў з пачатку місіі святых Кірыла і Мятода сярод славянаў. Гэтая дата і вызначыць ход падзей у Грэка-Каталіцкай Царкве Беларусі ў 2023 годзе.

Абноўлена 16.02.2023 14:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця