Пошук

07.12.2022 15:58   Vatican News
Папа Францішак з новай кнігай сваіх выказванняў. Фота: Francesco Antonio Grana / Тwitter

5 снежня выйшла ў свет кніга пад назвай «Энцыкліка аб міры ва Украіне» (Un’enciclica sulla pace in Ucraina), у якой сабраныя выказванні Папы Францішка на тэму вайны ў гэтай краіне.

Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News прыводзіць вытрымкі са зборніка, які Святому Айцу дапамог скласці журналіст інтэрнэт-выдання Il Fatto Quotidiano Франчэско Антоніё Грана, ватыканіст.

«Чаму пасля драматычных гадоў пандэміі, калі не без вялікіх цяжкасцяў і шматлікіх трагедый мы выходзілі з самай вострай фазы, надышоў жах гэтага бессэнсоўнага і блюзнерскага канфлікту, якім з’яўляецца кожная вайна? Ці можна з упэўненасцю казаць аб справядлівай вайне? Ці можна з упэўненасцю казаць пра сакральную вайну?» — задаў пытанні Папа ва ўступным слове да кнігі.

Ён падкрэсліў, што Божыя людзі, якія абвяшчаюць Евангелле Уваскрослага Хрыста, абавязаны гучна абвяшчаць праўду веры пра тое, што «Бог — гэта Бог міру, любові і надзеі; Бог, які хоча, каб мы ўсе былі братамі, як навучыў нас Яго Сын Езус Хрыстус».

«Жахі вайны, кожнай вайны, абражаюць найсвяцейшае імя Бога, і яшчэ больш абражаюць Яго, калі Яго імем злоўжываюць, каб апраўдаць гэтую невымоўную бойню», — падкрэсліў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што «плач дзяцей, жанчын і мужчын, параненых вайной, узносіцца да Бога як моцная малітва да сэрца Айца». «Колькі яшчэ трагедый нам трэба будзе ўбачыць, перш чым усе, хто ўдзельнічае ў кожнай вайне, зразумеюць, што яна з’яўляецца выключна шляхам смерці, які толькі ў нямногіх стварае ілюзію, што яны пераможцы? Няхай будзе ясна: з вайной мы ўсе пераможаны! Нават тыя, хто ў ёй не ўдзельнічаў і хто з баязлівай абыякавасцю стаяў побач і назіраў за гэтым жахам, не ўмешваючыся, каб прынесці мір», — напісаў Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла падкрэсліў, што ўсе без выключэння маюць абавязак «быць людзьмі міру», і «ніхто не мае права глядзець у іншы бок». Ён папярэдзіў, што «ў гэтым глабалізаваным свеце мы ўпалі ў глабалізацыю абыякавасці» і прызвычаіліся да пакут іншых, якія больш не кранаюць і не цікавяць нас.

Папа Францішак нагадаў словы Пія ХІІ, які напярэдадні Другой сусветнай вайны казаў: «Нішто не страчана з мірам. Усё можа быць страчана з вайной. Няхай людзі зноў пачнуць разумець адзін аднаго. Няхай адновяць перамовы. Няхай, ведучы перамовы з добрай воляй і з павагай да правоў адзін аднаго, яны зразумеюць, што шчырыя і эфектыўныя перамовы ніколі не будуць пазбаўлены пачэснага поспеху».

Папа падзякаваў укладальніку зборніка Франчэско Антоніё Грана за тое, што ён сабраў усе яго заклікі аб міры ва Украіне. «Я не менш удзячны вашаму выданню ilfattoquotidiano.it, таму што з самага пачатку гэтага канфлікту яно заўсёды давала шырокі рэзананс гэтым маім словам. Я таксама ўдзячны многім іншым мужчынам і жанчынам, якія сталі носьбітамі гэтага паслання, часта канкрэтным чынам і ў цішыні», — дадаў Пантыфік.

Ён заўважыў, што кніга змяшчае на сваіх старонках тое, што ў гэтыя месяцы вайны зыходзіла з яго сэрца, калі ён бачыў «вобразы гэтай велізарнай трагедыі і чытаў жудасныя навіны пра гэты і многія іншыя канфлікты ў свеце, пра якія занадта часта забываюцца».

«Гэта своеасаблівы ваенны дзённік, які я прапаную чытачам у надзеі, што вельмі хутка ён стане дзённікам міру і, перш за ўсё, перасцярогай для ўсіх, каб больш не паўтараць падобных жахаў. Гэта сапраўдная энцыкліка пра мір ва Украіне і ў любой іншай частцы свету», — сцвердзіў Святы Айцец.

«Пакуль мы працягваем настойліва маліцца за мір ва Украіне, па-сапраўднаму, не стамляючыся, мы не павінны прызвычайвацца да гэтай вайны, як да любой іншай. Мы не павінны дапусціць, каб нашыя сэрцы і розум аслаблі перад абліччам паўтарэння гэтых вельмі сур’ёзных жахаў, накіраваных супраць Бога і чалавека. Мы ні па якой прычыне ў свеце не павінны прызвычайвацца да ўсяго гэтага, прымаючы як належнае гэтую фрагментарную трэцюю сусветную вайну, якая на нашых вачах драматычна ператварылася ў татальную трэцюю сусветную вайну», — напісаў Пантыфік.

«Будзем маліцца за мір! Будзем працаваць дзеля міру! Упэўнены, што Пан Езус, Валадар супакою, падорыць Украіне і ўсяму свету, асабліва там, дзе яшчэ існуе так шмат ачагоў вайны, світанак Велікоднай раніцы», — завяршыў сваю прадмову Папа Францішак.

Абноўлена 07.12.2022 16:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа