Папа Францішак прызначыў кардынала Хасэ Таленціна дэ Мэндонсу, былога Архіварыюса і Бібліятэкара Святога Рымскага Касцёла, Прэфектам Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. Рашэнне было агучана 26 верасня.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу, Vatican News, партугальскі іерарх нарадзіўся на востраве Мадэйра, прыняў святарскае пасвячэнне ў 1990 годзе, пасля чаго працягваў тэалагічнае навучанне ў Рыме. Стаў выкладчыкам у Партугальскім каталіцкім унівэрсытэце. У 2011 годзе быў прызначаны канцлерам Папскай рады па культуры. З 1 верасня 2018 года — Архіварыюс і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла. 1 верасня 2019 года Папа Францішак абвясціў аб яго ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць.
Святы Айцец прызначыў таксама сакратара Дыкастэрыі па культуры і адукацыі. Ім стаў ксёндз Джаванні Чэзарэ Пагаццы, выкладчык Папскага тэалагічнага інстытута навук аб сужэнстве і сям’і, які носіць імя Яна Паўла ІІ.
Дыкастэрыя па культуры і адукацыі стала спадкаемцай Папскай рады па культуры і Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, аб зліцці якіх у адну структуру было заяўлена пасля выхаду новай Апостальскай канстытуцыі Prædicate Evangelium.
Папа Францішак прызначыў таксама наступніка кардынала Хасэ Таленціна дэ Мэндонсы. Архіварыюсам і Бібліятэкарам Святога Рымскага Касцёла стане арцыбіскуп Анджэло Вінчэнцо Дзані, які быў сакратаром былой Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі.