Падчас агульнай аўдыенцыі, якая ў сераду 15 чэрвеня прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных пажылым людзям.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтым разам Папа нагадаў эпізод з Евангелля, у якім ідзе гаворка пра аздараўленне Езусам цешчы Пятра, калі яна, па словах евангеліста Марка, «ляжала ў гарачцы».
«Мы не ведаем ці гэта была лёгкая немач, але ў старасці нават простая прастуда можа быць небяспечнай.
У старасці мы больш не ўладныя над нашым целам. Трэба навучыцца выбіраць, што рабіць і што не рабіць. Сілы слабнуць і пакідаюць нас, нават калі наша сэрца не перастае жадаць. Таму трэба навучыцца ачышчаць жаданні: мець цярплівасць, выбіраць, што патрабаваць ад цела і жыцця», — дадаў Пантыфік.
Ён нагадаў, што хвароба абцяжарвае старасць па-іншаму і па-новаму, у параўнанні з тым, як гэта было ў маладым і дарослым узросце.
«Яна быццам цяжкі ўдар, што абрынаецца і ў без таго складаны час. Хвароба пажылога чалавека, здаецца, прыспешвае смерць і змяншае час жыцця, які ўжо лічым дастаткова кароткім. Закрадваецца падазрэнне, што не ачуняем, што „цяпер захварэлі ў апошні раз“. Не атрымліваецца марыць і спадзявацца на будучыню, якая здаецца амаль няіснай», — сказаў Святы Айцец, заўважыўшы, што евангельская гісторыя пра аздараўленне Хрыстом цешчы Пятра дапамагае нам спадзявацца і дае першы ўрок: «Езус не наведвае гэтую пажылую хворую жанчыну адзін, але прыходзіць разам з вучнямі».
«Менавіта хрысціянская супольнасць абавязана клапаціцца пра пажылых сваякоў і сяброў. Трэба, каб пажылых наведвала шмат людзей, разам і часта. Мы ніколі не павінны забываць гэтыя тры радкі Евангелля. Асабліва сёння, калі колькасць пажылых значна ўзрасла. Мы павінны адчуваць адказнасць за наведванне старых, якія часта з’яўляюцца самотнымі, і даручаць іх Пану ў нашай малітве. Сам Езус вучыць нас любіць іх», — дадаў Папа.
Ён нагадаў, што «грамадства з’яўляецца па-сапраўднаму адкрытым на жыццё, калі прызнае яго каштоўным нават у старасці, інваліднасці, цяжкай хваробе і згасанні». «Езус, калі ўбачыў пажылую хворую жанчыну, узяў яе за руку і аздаравіў, зноў паставіўшы яе на ногі. Езус гэтым сваім ласкавым жэстам любові дае першы ўрок вучням: збаўленне абвяшчаецца — ці, лепш, перадаецца, — праз увагу да гэтага хворага чалавека; а вера гэтай жанчыны ззяе ва ўдзячнасці за ласкавасць Бога, што пахілілася над ёй», — падкрэсліў Папа.
Калі першы ўрок нам дае Езус, то другі ўрок — сама пажылая жанчына, якая ўстала і пачала прыслугоўваць.
«Нават у старасці можна, больш за тое, трэба служыць супольнасці. Добра, калі пажылыя яшчэ падтрымліваюць у сабе адказнасць за служэнне, перамагаючы спакусу адысці ў бок. Пан не спісвае іх ва ўтыль: наадварот, вяртае ім сілу для служэння», — сказаў Пастыр, заўважыўшы, што ў апавяданні евангелісты не робяць на гэтым нейкага асаблівага акцэнту, быццам гаворка ідзе пра звычайныя паводзіны людзей, якія ідуць за Хрыстом.
«Калі б пажылыя замест таго, каб быць адчужанымі і адсунутымі з арэны падзей, што пазначаюць жыццё супольнасці, былі б змешчаны ў цэнтр калектыўнай увагі, яны атрымалі б стымул выконваць каштоўнае служэнне ўдзячнасці Богу, які не забывае нікога. Удзячнасць пажылых людзей за дары, атрыманыя ад Бога ў іх жыцці — як вучыць нас цешча Пятра — вяртае супольнасці радасць быцця разам і надае веры вучняў важнейшую рысу яе прызначэння», — дадаў Святы Айцец.
Ён падкрэсліў, што дух заступніцтва і служэння — гэта справа не толькі жанчын, але таксама і мужчын.
Папа Францішак заўважыў, што асаблівая далікатнасць Езуса, які «ўзяў за руку» цешчу Пятра і «ласкава схіліўся» да яе, «ад самага пачатку выразна паказвае Яго асаблівую адчувальнасць да слабых і хворых, якой Божы Сын, без сумневу, навучыўся ў сваёй Маці».