З 22 па 29 мая года пройдзе Тыдзень Laudato si’, арганізаваны Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека з нагоды сёмай гадавіны «экалагічнай» энцыклікі Папы Францішка, прысвечанай клопату пра супольны дом.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у цэнтры ініцыятывы — сем мэтаў, акрэсленых у энцыкліцы Laudato si’, дасягненню якіх дапамагае Платформа ініцыятыў Laudato si’, заснаваная для «стварэння крытычнай сацыяльнай масы і абароны нашага супольнага дома».
Да іх адносіцца адказ на крык планеты і бедных, спрыянне экалагічнай эканоміцы, прыняцце больш устойлівага ладу жыцця, выхаванне і духоўнасць, больш уважлівыя да экалагічных праблем, а таксама падтрымка мясцовых супольнасцей у абароне іх экасістэм.
Кожны дзень на працягу Тыдня Laudato si’ Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека будзе праводзіць адмысловыя анлайн-сустрэчы, прысвечаныя гэтым тэмам. Іх удзельнікі падсумуюць зробленае на працягу сямі гадоў, якія мінулі з дня публікацыі папскай энцыклікі, а таксама паразважаюць над умацаваннем намаганняў з дапамогай Платформы ініцыятыў Laudato si’.
Гаворка будзе весціся пра тое, які ўнёсак католікі могуць зрабіць у барацьбу з заняпадам біяразнастайнасці; пра ролю выкапнёвага паліва ў канфліктах і кліматычным крызісе; пра прыняцце бедных у нашым штодзённым жыцці. Завершыцца ініцыятыва супольнай малітвай, якая адбудзецца ўвечары 29 мая.
Усе падзеі ў межах Тыдня будуць транслявацца на каналах руху Laudato si’ у Facebook і YouTube.