Пошук

16.05.2022 17:34   Паводле: Vatican News
Фота: AFP

15 мая падчас урачыстай святой Імшы, цэлебрацыю якой нядзельнай раніцай узначаліў на плошчы Святога Пятра Папа Францішак, адбылася кананізацыя дзесяцёх новых святых.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, былі абвешчаны святымі галандскі кармэліт Ціт Брандсма, італьянская законніца Марыя ад Езуса; французская законніца Мары Рыв’е; індыйскі свецкі вернік Лазар Пілаі; французскі святар Сэзар дэ Бюс; італьянскія святары Луіджы Марыя Палацола і Джусціно Марыя Русаліла; французскі святар Шарль дэ Фуко; італьянскія законніцы Марыя Франчэска ад Езуса і Марыя Дамэніка Мантавані.

У прамоўленай падчас кананізацыйнай Імшы гаміліі Святы Айцец нагадаў пра запавет Езуса: «Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34). Ён адзначыў, што мерай гэтай любові з’яўляецца сам Збаўца. Гаворка ідзе пра любоў да поўнай самааддачы. Больш за тое, гэтыя словы Езус прамаўляе ў цёмную ноч здрады, пацвярджаючы, што Ён любіць нас, і гэта самае галоўнае.

«У цэнтры не наша эфектыўнасць і заслугі, а безумоўная і бескарыслівая Божая любоў, якую мы не заслужылі. Наша хрысціянства пачынаецца не з вучэнняў і спраў, але з захаплення тым, што нас любяць яшчэ да таго, як намі будзе дадзены адказ», — адзначыў Папа Францішак.

Ён падкрэсліў, што гэта ісціна патрабуе ад кожнага радыкальнага навяртання да ідэі святасці.

«Быць вучнем Езуса і ісці шляхам святасці — гэта перш за ўсё дазволіць сіле Божай любові перамяніць нас. Не забывайма пра першынство Бога перад „я“, Духа перад целам, ласкі перад справамі», — сцвердзіў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што мы можам любіць толькі таму, што Хрыстус палюбіў нас, «таму што Ён дае нашым сэрцам свайго Духа, Духа святасці, любоў, якая ацаляе і перамяняе нас». Дзякуючы гэтаму, «мы можам прымаць рашэнні і здзяйсняць учынкі любові ў любой сітуацыі і ў адносінах да кожнага брата і сястры, якіх мы сустракаем».

Святы Айцец падкрэсліў вымярэнне любові, якое выяўляецца ў служэнні: «не ставіць на першае месца свае ўласныя інтарэсы; ачысціць сябе ад ядаў прагнасці і канкурэнцыі; змагацца з ракам абыякавасці і чарвяком канцэнтрацыі ўсяго на сабе; дзяліцца харызмамі і дарамі, якія даў нам Бог». Папа адзначыў, што гаворка ідзе пра адмову ад эгаізму і перамену жыцця ў дар для іншых.

«Святасць — гэта не некалькі гераічных жэстаў, але шмат штодзённай любові», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла, прыводзячы ў прыклад абвешчанага святым Шарля дэ Фуко.

Пантыфік заахвоціў вернікаў з энтузіязмам прымаць сваё пакліканне, бо «кожны з нас пакліканы да святасці, да святасці адзінай і непаўторнай». «Так, у Пана ёсць план любові для кожнага, Ён мае мару для твайго жыцця. Прымі Яго. І рэалізуй гэты план з радасцю», — заклікаў Папа Францішак напрыканцы сваёй гаміліі.

Абноўлена 16.05.2022 17:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.