Напрыканцы агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 красавіка ў ватыканскай зале Паўла VI, Папа Францішак звярнуў увагу на вайну на тэрыторыі Украіны і памаліўся з украінскімі дзецьмі, якія знайшлі прытулак у Рыме.
«Апошнія навіны з Украіны замест таго, каб прынесці палёгку і надзею, сведчаць аб новых зверствах, такіх як разня ў Бучы: усё больш жахлівая жорсткасць, скіраваная таксама супраць мірных жыхароў, жанчын і безабаронных дзяцей.
Яны — ахвяры, чыя нявінная кроў кліча да неба і просіць: Пакладзіце канец гэтай вайне! Прымусьце змоўкнуць зброю! Перастаньце сеяць смерць і разбурэнне! Давайце разам маліцца за гэта!» — перадае словы Пантыфіка Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Святы Айцец паказаў заплямлены крывёй украінскі сцяг, прывезены яму напярэдадні з Бучы. Ён прадставіў групу ўкраінскіх дзяцей, якія прысутнічалі ў зале Паўла VI, і папрасіў прывітаць іх і памаліцца за іх і разам з імі.
«Гэтыя дзеці былі вымушаны ўцячы і прыехаць на чужыну. Гэта адзін з пладоў вайны. Не забывайма пра іх і не забывайма пра ўкраінскі народ. Цяжка быць вырваным са сваёй зямлі, калі віной усяму — вайна», — адзначыў Папа Францішак.