Папа Францішак ухваліў дэкрэты Кангрэгацыі па справах кананізацыі.
Як 13 снежня паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, адзін з іх датычыцца прызнання гераічнасці цнот сястры Малгажаты Банась — адзінай ацалелай падчас Другой сусветнай вайны назарэтанкі з навагрудскай супольнасці.
Сястра Марыя Малгажата ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў Гетсэманскім садзе (свецкае імя Людвіка Банась) нарадзілася 10 красавіка 1896 года ў Клечы Дольнай каля Вадавіцаў. 15 сакавіка 1917 года ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Святой Сям’і з Назарэта. Выконвала звычайныя паслугі ў розных законных дамах: у Вадавіцах, Стрыі, Кракаве, Гродне, Варшаве.
У 1934 годзе была скіравана ў Навагрудак. Падчас Другой сусветнай вайны, у 1939–1943 гадах, працавала ў мясцовым шпіталі.
Была адзінай сярод дванаццаці сясцёр назарэтанак, якая пазбегла арышту і расстрэлу гітлераўцамі 1 жніўня 1943 года.
Сястра Марыя Малгажата адшукала ў лесе месца забойства сясцёр, прысутнічала пры іх эксгумацыі і перапахаванні пры навагрудскай фары.
Сваё ацаленне зразумела як знак волі Божай, як знак таго, што яна павінна застацца ў Навагрудку, каб апекавацца навагрудскім фарным касцёлам і дапамагаць мясцовым вернікам, падтрымліваць у іх сэрцах дух каталіцкай веры.
Навагрудцы называлі сястру Малгажату «ахоўніцаю табэрнакулюма». Яна збірала вернікаў на малітву, упрыгожвала алтары, а калі не было святара, кіравала набажэнствамі. Сястра Малгажата арганізоўвала духоўную і матэрыяльную дапамогу для святароў і свецкіх вернікаў, сасланых у Сібір. Жыла ў цяжкіх умовах у сакрыстыі фарнага касцёла, нястомна малілася і працавала. Памерла 26 красавіка 1966 года ў Навагрудку. Пахавана на мясцовых могілках.
Папа ўхваліў таксама дэкрэты аб прызнанні цудаў, здзейсненых праз заступніцтва французскай законніцы благаслаўлёнай Мары Рыўе (1768–1838), заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Ахвяравання Марыі; і благаслаўлёнай Марыі Каролы Чэкін (1877–1925), італьянскай законніцы з кангрэгацыі Сясцёр святога Юзафа Бэнэдыкта Каталенгі.
Яшчэ тры дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнот датычацца Слугаў Божых Андрэа Гарыда Пэралеса (1663–1728), іспанскага законніка з Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з Мэрсэды; італьянскага капуцына Карло Марыі з Аб’ятэграса (1825–1859); італьянскага місіянера-камбаніяніна Бэрнарда Сарторы (1897–1983).