19 кастрычніка ў Ватыкане прайшла прэзентацыя абноўленай анлайн-платформы Click to pray, якая, паводле задумы яе распрацоўшчыкаў, дапаможа вернікам з’яднацца з усім Касцёлам у малітве за Сінод Біскупаў.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, платформа Click to pray была створана Сусветнай сеткай малітвы ў інтэнцыях Папы ў 2016 годзе і сёння налічвае больш за 2,5 млн карыстальнікаў ва ўсім свеце. Яна даступная на ўэб-сайце clicktopray.org, а таксама ў якасці аднайменных дадаткаў для мабільных прылад з сістэмай Android і iOS. На платформе размяшчаюцца малітоўныя інтэнцыі Святога Айца на кожны месяц і даецца магчымасць папрасіць аб малітве іншых карыстальнікаў.
Новаўвядзенні, прадстаўленыя ў Ватыкане, датычыліся дапаўнення платформы дзвюма секцыямі: «Школа малітвы», якая дапаможа паглыбіць веды пра малітву на аснове вучэння Касцёла, і «Малітоўны каляндар», якая дасць магчымасць карыстальнікам лепш спланаваць форму, інтэнцыі і час сваёй малітвы.
З пачаткам XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая будзе праходзіць з кастрычніка 2021 па кастрычнік 2023 года, анлайн-платформа дапаможа ўсяму Касцёлу з’яднацца ў малітве за сінадальны працэс, прапануючы адмысловыя малітоўныя тэксты, узятыя з ватыканскага сайта prayforthesynod.va.
Гэты рэсурс быў распрацаваны Міжнароднай сеткай генеральных настаяцельніц манаскіх супольнасцяў у супрацоўніцтве з Генеральным сакратарыятам Сіноду Біскупаў і Сусветнай сеткай малітвы ў інтэнцыях Папы.