Пошук

27.05.2021 09:18   Паводле: Vatican News
Фота: famigliacristiana.it

26 мая ва ўнутраным дворыку святога Дамаса ў Ватыкане прайшла агульная аўдыенцыя, катэхезу падчас якой Папа Францішак прысвяціў сітуацыям, калі здаецца, што Бог «не чуе чалавечай малітвы».

Як заўважыў Пантыфік, словы якога прыводзіць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, часам здаецца, што Бог не чуе малітваў чалавека. «Калі ж інтэнцыя, у якой мы молімся, высакародная (напрыклад, здароўе для хворага ці спыненне вайны), тое, што яна застаецца непачутай, нам здаецца ўвогуле абуральным. У такіх сітуацыях здараецца, што людзі зусім перастаюць маліцца», — дадаў Святы Айцец.

«Калі Бог — Айцец, чаму ж не выслухоўвае нас? Ён, які абяцаў даць усё добрае дзецям, якія будуць прасіць Яго, чаму не адказвае на нашыя просьбы?» — спытаў Папа.

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, як падкрэсліў Пантыфік, указваецца на небяспеку ўспрымаць адносіны з Богам як нешта магічнае. У такім выпадку чалавек не прымае задумаў, якія не адпавядаюць яго жаданням.

«Езус жа меў вялікую мудрасць, укладаючы ў нашыя вусны малітву „Ойча наш…“, — заўважыў Папа Францішак, нагадаўшы, што яна вучыцць прасіць аб спаўненні менавіта Божай волі. — Лепш дазволіць дзейнічаць Яму: „Свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая“».

Святы Айцец нагадаў словы апостала Паўла, які сцвярджаў, што мы не ведаем, аб чым трэба маліцца: «Калі молімся, мы павінны быць пакорнымі, каб нашыя словы былі сапраўды словамі малітвы, а не пустаслоўем, якога Бог не прымае. Можна таксама маліцца ў памылковых інтэнцыях: напрыклад, аб перамозе над ворагам у вайне, не пытаючыся пра тое, што думае Бог пра гэтую вайну. Лёгка напісаць на штандары „З намі Бог!“; многія імкнуцца запэўніць, што Бог з імі, але нямногія намагаюцца спраўдзіць, ці яны сапраўды з Богам», — сцвердзіў Пантыфік.

«У малітве Бог павінен змяніць нас, а не мы Бога. Патрэбна пакора: я іду маліцца, але Ты, Пане, змяні маё сэрца, каб я прасіў пра карыснае, пра тое, што будзе лепшым для майго духоўнага здароўя», — дадаў Пантыфік.

«Калі людзі моляцца са шчырым сэрцам, калі просяць аб ласках, якія адпавядаюць Божаму Валадарству, калі мама моліцца за хворае дзіця, чаму нам часам здаецца, што Бог не чуе? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ў спакоі паразважаць над Евангеллем», — параіў Папа Фрацішак.

Пантыфік нагадаў, што ў апавяданнях пра жыццё Езуса часта гаворыцца пра малітву: «Шмат людзей з параненымі целамі і душамі прасілі Яго аб аздараўленні; здаралася, што нехта прасіў Яго за сябра, які больш не хадзіў; былі бацькі і маці, якія прыводзілі да Яго хворых дзяцей... Усе гэтыя малітвы прасякнуты пакутамі. Гэта велізарны хор, які ўсклікае: „Злітуйся над намі“».

«Часам Езус адказвае неадкладна, а ў іншых выпадках Яго адказ расцягнуты ў часе: здаецца, што Бог не адказвае. Падумаем пра ханаанскую жанчыну, якая прасіла Езуса за дачку: гэтая жанчына павінна была доўга настойваць, каб быць пачутай...

Падумаем аб паралізаваным, якога прынеслі чатыры сябры: спачатку Езус прабачыў яму грахі і толькі потым аздаравіў яго цела»,— заўважыў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на гісторыю пра аздараўленне дачкі Яіра. Настаўнік адразу пагадзіўся вярнуць ёй здароўе, але па дарозе здзейсніў іншае аздараўленне, а потым прыйшла навіна пра тое, што дзяўчынка ўжо памерла. «Здавалася, гэта быў канец, але Езус сказаў бацьку: „Не бойся, толькі вер!“, „працягвай верыць“. Менавіта вера падтрымлівае малітву. І сапраўды, Езус абудзіў дзяўчынку ад смяротнага сну. Але на працягу пэўнага часу Яір павінен быў ісці ў цемры, маючы толькі агеньчык веры», — адзначыў Папа Францішак.

«Малітва, якую Езус узносіў да Айца ў Гетсэманіі, здаецца, таксама засталася непачутай... Сын павінен быў выпіць келіх мукі да дна. Але Вялікая субота не была апошняй главой, бо на трэці дзень, у нядзелю, адбылося ўваскрасенне...

Зло пануе ў перадапошні дзень <...>, бо апошні належыць выключна Богу. Гэта дзень, у які споўняцца ўсе чалавечыя прагненні збаўлення.Будзем вучыцца цярпліваму і пакорнаму чаканню ласкі Пана, чаканню апошняга дня. Часта перадапошні дзень вельмі цяжкі, бо чалавечыя пакуты невыносныя. Але Пан ёсць, і ў апошні дзень вырашыць усё», — запэўніў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.

Абноўлена 27.05.2021 09:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа